У Беларусі тэстуецца сістэма сакрэтнай мабільнай сувязі


Аляксандр Лукашэнка 21 лістапада на нарадзе аб развіцці ўрадавай сувязі заявіў, што цяпер у Беларусі тэстуецца сістэма сакрэтнай мабільнай сувязі, аднак у яе яшчэ ёсць недахопы. Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Я хацеў бы ў развіццё нашай размовы, калі мы наведвалі адпаведныя абʼекты абароненай сувязі, пагаварыць сёння аб далейшых нашых кроках, у тым ліку аб недахопах. Я тады вам сказаў, што мы сурʼёзным чынам возьмем на кантроль працу КДБ, іншых структураў, якія займаюцца распрацоўкай абароненай сувязі, у тым ліку ўрадавай», – адзначыў ён.

Нарада ў Лукашэнкі. Фота – president.gov.by

Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым кірунку ўжо нямала зроблена: «У прэзідэнта на стале распрацоўкі стацыянарнай айчыннай сувязі, усе вышэйшыя службовыя асобы, сябры ўрада маюць нядрэнную стацыянарную сувязь, але самае галоўнае, што мы ў дадзеным выпадку абсалютна незалежныя. Мы стварылі свае сістэмы сувязі, свае цэнтры шыфравання інфармацыі, недаступныя для разведак іншых дзяржаваў».

«Зроблена нямала, але далёка не ўсё. Мы сёння робім і тэстуем некаторыя сістэмы не стацыянарнай, а мабільнай сувязі. У кожнага сёння мабільны тэлефон – узяў, патэлефанаваў – увесь свет ведае, пра што ты кажаш. Трэба стварыць такую ​​сувязь, але абароненую. Як у народзе кажуць, сакрэтную сувязь. Мы тэстуем такую ​​сувязь. Ёсць, вядома, шэраг недахопаў. Пра гэта таксама мы сёння адкрыта павінны пагаварыць», – адзначыў ён.

Лукашэнка расказаў, што нядаўна даручаў Аператыўна-аналітычнаму цэнтру праверыць, як працуе КДБ у сферы закрытай сувязі, наколькі яна знаходзіцца пад кантролем, надзейная і недаступная для разведак іншых дзяржаў і старонніх асобаў.

Паводле Лукашэнкі, некаторыя беларускія сістэмы, у тым ліку закрытай сувязі, карыстаюцца павагай замежных дзяржаў. «Нават мяне кіраўнікі дзяржаў просяць: мы хочам такую, як у Беларусі, надзейную сувязь», – дадаў ён.

Лукашэнка распавёў, што беларускі бок для некаторых кіраўнікоў дзяржаў ужо стварыла такую ​​ж урадавую сувязі.

«Гэта карыстаецца попытам, і гэта немалыя грошы, таму ёсць сэнс у гэтым кірунку працаваць і развіваць нашыя сістэмы», – сказаў ён.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў