Лукашэнка распавёў, калі пачаў падазраваць Уцюрына


Каментар Аляксандра Лукашэнкі аб затрыманні былога намесніка дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Андрэя Уцюрына апублікавала прэсавая служба кіраўніка Беларусі.

«Калі б ён у мяне быў па-за падазрэннямі, ён б дагэтуль працаваў начальнікам Службы бяспекі, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Ужо тады да яго былі пытанні. Хлопец малады, і добры бок у яго была як у чалавека, ня ўсё было кепска. У мяне былі пэўныя падазрэнні. Яму далі шанец. – ідзі і працуй. Што, намеснік дзяржсакратара – дрэнная пасада для ваеннага чалавека? Ды кожны можа марыць аб такой пасадзе».

Паводле Лукашэнкі, арышт Андрэя Уцюрына не звязаны з адхіленнем Міхаіла Бабіча з пасады амбасадара Расеі ў Беларусі: маўляў, Уцюрын трапіў у поле зроку праваахоўнікаў яшчэ да пераводу ў Савет Бяспекі.

«Вось тады ў мяне былі сумневы, і літаральна праз некалькі месяцаў мне паведамілі пра тое, што да яго ёсць пытанні, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Таму гэта не мае ніякага дачынення да таго, што ён нібыта быў ледзь не агентам пасла Расеі. Калі б ён быў агентам замежнага амбасадара, праз суткі б ужо ведалі пра гэта».

Паводле кіраўнік Беларусі, каля паўтара–двух гадоў Уцюрын быў пад кантролем спецслужбаў, якія мелі мноства фактаў ягонай супрацьпраўнай дзейнасці.

«Але было маё жалезабетоннае патрабаванне: чалавека, які мае «індульгенцыю» ад кіраўніка краіны, мусяць затрымаць толькі пры наяўнасці жалезабетонных доказаў. Яго ўзялі з доказамі злачынства: 150 тысяч долараў яму ў чарговы раз прывезлі расейцы», – распавёў Лукашэнка.

Лукашэнка прызнаўся, што падчас звароту з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, калі ён заўважыў, што лепш быць жабракамі на волі, чым багатымі ў турме, то меў на ўвазе Уцюрына, а таксама некаторых іншых прысутных у зале.

«Што ім яшчэ незразумела было? Таму тут абсалютна звычайнае крымінальнае злачынства, і за гэты чалавек павінен адказваць», – дадаў Лукашэнка.

Паводле кіраўніка дзяржавы, Уцюрын нядрэнна служыў, сам выяўляў карупцыйныя злачынствы, але ягоны ўчынак усё перакрэсліў.

«Да тых, хто займае такія пасады, да іх яшчэ больш жорсткім будзе стаўленне», – дадаў Лукашэнка.

Паводле кіраўніка Беларусі, Уцюрын не быў блізкім да яго чалавекам, як пісалі некаторыя медыі.

«Маіх блізкіх людзей вы бачылі 9 траўня. Гэта былі тры чалавекі, якія стаялі ў мяне за спіной. Паверце, гэта самыя блізкія і родныя мне людзі, за якіх я адказваю галавой. Я адказваю і за дзяржслужачых. Я ўсім сказаў: хочаце са мной працаваць – працуйце і выконвайце гэтыя патрабаванні. Яны заснаваныя на нашых законах, нічога тут надзвычайнага няма», – працягнуў Лукашэнка.

9 траўня 2019 года. Віктар, Мікалай, Дзмітрый і Аляксандр Лукашэнкі падчас цырымоніі з нагоды 74-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Фота – president.gov.by

Кіраўнік Беларусі дадаў, што падтрымлівае дзяржаўны службоўцаў, бо яны ўносяць вялікі ўнёсак у развіццё краіны.

«Ад іх залежаць мільярды рублёў. Я кавалак зямлі даю чыноўнікам пабудаваць дом або кватэру, каб ён не краў гэтыя мільярды і яны засталіся ў дзяржавы І калі ты парушаеш гэты парадак – адказвай на ўсю катушку», – дадаў Лукашэнка.

Лукашэнка паабяцаў, што з падрабязнасцямі крымінальнай справы супраць Уцюрына з журналістамі падзеляцца пазней.

Аб’ектыў
Эксперт: Былы ахоўнік Лукашэнкі стаў для яго небяспечным
2019.05.02 22:05

Пра затрыманне Андрэя Уцюрына стала вядома напрыканцы красавіка. Медыі лічылі, што прычынай магло быць атрыманне хабару або супраца з расейскай ФСБ.

Справка
Палкоўнік Андрэй Уцюрын працаваў у службе аховы Лукашэнкі з 1995-га. У 2007-м узначаліў яе. У 2014-м яго прызначылі намеснікам дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Беларусі.

Пазней выявілася, што 24 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб звальненні Уцюрына «за правіны, што дыскрэдытуюць званне вайскоўца».

4 траўня КДБ паведаміў, што затрымаў Уцюрына пры атрыманні хабару $ 148 600 ад расейскай камерцыйнай структуры «Г» за прасоўванне яе інтарэсаў у Беларусі. Яму прад’явілі абвінавачванне паводле часткі 3 артыкулу 430 Крымінальнага кодэксу. Уцюрыну пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў