Лукашэнка распавёў, чаму перанёс пасланне парламенту. І некалькі разоў сказаў «псіхоз»


Падчас суботніка ў Петрыкаўскім раёне Аляксандр Лукашэнка распавёў, чаму перанёс традыцыйнае пасланне парламенту.

«Ведаеце, тут няма ніякай канспіралогіі. Гэта пасланне было запланавана на сярэдзіну красавіка. Канкрэтнай даты не было. Як толькі гатова было б пасланне, і яно адпавядала духу сённяшняга дня, яно б прагучала ў сярэдзіне красавіка. Але сітуацыя з каронапсіхозам, інфекцыямі, ну, а потым абвешчанай пандэміяй, пагадзіцеся, ашаламляльна змянілі сітуацыю не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце.

Вось уявіце прэзідэнта на трыбуне сёння. І што ён можа сказаць? Я задаваў шмат пытанняў, вы гэта чулі, што будзе з намі пасля гэтага псіхозу і інфекцыі? Хто сёння можа сказаць, што будзе? Ніхто», – цытуе Лукашэнку «Пул Первого».

Раней пасланне прэзідэнта парламенту і народу планавалася на сярэдзіну красавіка.

Як паведамляе БелТА, пасланне могуць сумясціць з перадвыбарнай праграмай Лукашэнкі.

«Я так падумаў, што калі прэзідэнцкія выбары, то можам сумясціць пасланне (пашырыць яго, зрабіць больш стратэгічным) з праграмай цяперашняга прэзідэнта. Гэта адна з ідэй. Я нядаўна літаральна прыйшоў да такой ідэі. Можа быць, яшчэ нешта з’явіцца», – сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, цяпер «вельмі шмат пытанняў, на якія сёння цяжка даць адказ або адказу няма наагул».

«У сілу сітуацыі, якая склалася, у сілу гэтага псіхозу, які разгарнуўся. Праз тое, што розныя палітычныя сілы ўнутры дзяржавы спрабуюць гэта выкарыстоўваць у якіх-небудзь палітычных мэтах, што недапушчальна. І самае галоўнае – эканамічная нявызначанасць ва ўсім свеце», – заявіў Лукашэнка.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы заявіў, што пытанне змены Канстытуцыі не здымаецца.

«Тут адназначна можна адказаць, што мы ў новай пяцігодцы, хутчэй за ўсё, будзем мець новую Канстытуцыю», – адзначыў ён.

ВІДЭА
Лукашэнка нясе маленькага беленькага сабачку. Відэа
2020.04.25 13:08

КА belsat.eu

Стужка навінаў