Лукашэнка, Пуцін і Пашыньян. Пра што размаўляюць у Сочы?


Першы афіцыйны візіт і першы ўказ. Новаабраны прэм’ер Арменіі Нікол Пашыньян з імпэтам распачаў кіраванне краінаю. Ці дазволіць Масква зрабіць Пашыньяну крок у бок Еўразвязу?

Нікол Пашыньян – новы прэм’ер Арменіі. Фармальна за ягоную кандыдатуру галасаваў парламент. Але няма сумневаў, што гэта выбар армянскага народу, які той некалькі тыдняў адстойваў на вуліцах. Пасля выбараў ён заявіў: «Шаноўныя! Дзякуй вам за гэтае галасаванне і за вашую пазіцыю».

«Прыйшоў час для Арменіі, каб абудзіцца. Гэты час нам даў Бог з дапамогаю Нікола Пашыньяна», – каментуе жыхар Ерэвана.

Захапленне Пашыньянам стала сапраўдным культам. 42-гадовы палітык – поўная супрацьлегласць былой кіроўнай эліце з Рэспубліканскай партыі, якая трымала ўладу амаль 20 гадоў. Адкрыты, шчыры і з пачуццём гумару.

«Сёння атрымалася так, што па дарозе з Аэрапорту ў Ерэван людзі выходзілі сустракаць Сэржа Саргсьяна…», – агаварыўся Пашыньян, калі вітаў саліста гурта System of a Down Сэржа Танкʼяна.

Агаворка, якая вокамгненна скрала сэрцы армянаў. І атмасфера, якую яшчэ месяц таму цяжка было ўявіць у гэтай краіне. Але пасля свята – заўсёды наступаюць працоўныя будні.

«Цяжкая задача стаіць у новага прэм’ера Пашыньяна, таму што яму давядзецца сумяшчаць ягоныя даволі радыкальныя заявы яшчэ да ўступлення на пасаду – мітынговыя, часткова нават папулісцкія, але шчырыя – з тым, што яму давядзецца рабіць у ролі дзяржаўнага дзеяча», – лічыць палітолаг з Масквы Аркадзь Дубноў.

Ці выйдзе Арменія з Еўразійскага эканамічнага саюзу?

Нікол Пашыньян – адзін з нешматлікіх палітыкаў у краіне, які выступае за еўраінтэграцыю. Падчас мінулых выбараў у праграме ягонага блоку «Ельк» вялося нават пра магчымасць паступовага выйсця з Еўразійскага эканамічнага саюзу. Але змяніць ранейшы курс на Маскву будзе надзвычай складана і нават небяспечна.

«Вядома, Нікол Пашыньян вельмі моцна абмежаваны ў сваім манеўры. Гэта і эканамічная, і ваенна-палітычная залежнасць Арменіі ад Расеі, гэта і сталыя пагрозы вайны, якімі Расея пастаянна шантажуе Арменію», – мяркуе Тыгран Хзмалян, кінарэжысёр і палітычны каментатар з Ерэвану.

Яшчэ з 92-га года расейскія жаўнеры ахоўваюць мяжу Арменіі з Турцыяй ды Іранам. А ў горадзе Гюмры знаходзіцца цэлая вайсковая база, дзе афіцыйна дыслакуюцца каля 5-ці тысяч расейскіх вайскоўцаў.

«Паводле кадраў параду, які, здаецца ў 2015-м годзе яны правялі, разам з армянскім войскам, – гэта спецназ, гэта вельмі сур’ёзныя войскі. Яны сядзяць у казарме, але гэта не траянскі конь, але гэта цэлае войска траянскіх коняў», – працягвае Тыгран Хзмалян.

Расейскае войска тэарэтычна гарантуе мір паміж Арменіяй і Азербайджанам. Баку не рызыкне атакаваць Рэспубліку Арменія, пакуль там жаўнеры Масквы. Армяне ў першай палове 90-ых у выніку перамогі ў вайне з азербайджанцамі ўсталявалі кантроль над тэрыторыяй былой савецкай аўтаномнай вобласці Нагорны Карабах і некалькімі суседнімі рэгіёнамі Азербайджану. Міжнародная супольнасць лічыць рэгіён, у якім функцыянуе нікім непрызнаная дзяржава, азербайджанскім, а Баку час ад часу пагражае вярнуць яго сілай. Менавіта сюды, у сталіцу Карабаху (ці як яго называюць армяне – Арцаху) і прыехаў Нікол Пашыньян са сваім першым візітам у ролі прэм’ера.

«Дʼябал хаваецца ў дэталях. Калі Пашыньян праявіць жорсткасць, якую ў Баку ўспрымуць неадэкватна, гэта можа мець свае наступствы. Але мне падаецца, што нягледзячы на сваю недасведчанасць у якасці лідара, ён дасведчаны ў якасці гэткага развязальніка вузлоў», – лічыць Аркадзь Дубноў.

Гарбата ад Пуціна

У дэталях хаваецца не толькі дʼябал, але і Уладзімір Пуцін. Няспынны карабахскі канфлікт дазваляе расейскаму прэзідэнту трымаць кантроль над рэгіёнам. Гэта з пэўнасцю разумее новы прэмʼер, які анансаваў спатканне з Пуціным на саміце ЕАЭС у Сочы, які пройдзе 14-га траўня.

«Армянскае радыё ўжо параіла не піць разам з Уладзімірам Пуціным гарбату», – жартуе Тыгран Хзмалян.

А калі сурʼёзна, то на парадку дня прэзідэнта Расеі і прэмʼера Арменіі можа апынуцца багата пытанняў. Ад Нагорнага Карабаху да гарантыяў для расейскіх алігархаў, якія маюць вялізны ўплыў на армянскі рынак.

«Дамовяцца пра першапачатковыя крокі. Пуцін выкажа надзею, што інтарэсы расейскага бізнесу ў Арменіі нічога не пагражае, кантроль над асноўнымі манаполіямі і рэсурсамі энергетычнымі, якія маюць расейскі капітал, нічога не пагражае», – кажа Аркадзь Дубноў.

На саміце ў Сочы будзе і кіраўнік Беларусі. У адрозненне ад прэзідэнта Расеі Аляксандр Лукашэнка не павіншаваў Нікола Пашыньяна з абраннем на пасаду прэмʼера. Мірная рэвалюцыя, якая стала неспадзяванкай нават для Масквы, кіраўніка Беларусі наўпрост шакавала. Хоць з новым армянскім прэмʼерам у Лукашэнкі ёсць і штосьці супольнае – неабходнасць лавіраваць паміж Захадам і Усходам.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Таксама ў праграме:

Парад у Маскве. Паказваць няма чаго

Глядзі таксама
Каментары