Кіраўнік краіны мяркуе, што Беларусь ніколі не будзе канфліктаваць з Расеяй. Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю медыяхолдынгу «Bloomberg».
«Сёння кіраўніцтва Расеі ніколі не ставіла наўпрост пытанне пра тое, што Беларусь павінна быць у складзе Расеі. Былі нейкія, ведаеце, намёкі ў мінулым, на што я вельмі жорстка адрэагаваў. Мы былі і ёсць суверэнная, незалежная дзяржава. Ёй і застанемся», – заявіў падчас інтэрв’ю Лукашэнка.
Паводле яго словаў, Беларусь не будзе нейкім «паўночна-заходнім краем Расеі», як таго хочуць расейскія палітыкі, якія разважаюць па-імперску.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Расея не будзе ваяваць супраць Беларусі:
«У кіраўніцтва Расеі няма нагоды нават дрэнна глядзець у наш бок. Яго не зразумее рускі народ, расейцы не зразумеюць. Навошта супраць нас ваяваць? Няма нагодаў. Але я яшчэ раз падкрэсліваю: хто б да нас не прыйшоў з мячом, той ад мяча і загіне. Мы будзем ваяваць супраць еўрапейцаў, амерыканцаў, расейцаў – супраць каго заўгодна, калі яны паставяць перад сабой мэту заваяваць гэты кавалак зямлі, дзе мусяць жыць беларусы».
Выказаўся Аляксандр Лукашэнка і пра меркаванне на Захадзе, што Уладзімір Пуцін хоча ўзнавіць імперыю:
«Ён не будзе імкнуцца да ўзнаўлення імперыі. Але калі нехта вельмі будзе зарывацца і ківаць пальцам у бок Расеі, ды яшчэ і дубінкай размахваць, то нават не толькі Пуцін, у расейцаў менталітэт такі, што на дубіну Расея адкажа. Таму з Расеяй трэба быць акуратнымі. Няма ў Пуціна жадання нешта там захапіць. Ён сучасны чалавек і разумее, што ў цяперашні час гэта вельмі небяспечна».
На думку Лукашэнкі, папрокі ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы суседніх краінаў можна адрасаваць не толькі Расеі, але і амерыканцам, Еўразвязу і іншым.
Што тычацца стасункаў паміж Беларуссю і Расеяй, то пасля ўкраінскіх падзеяў яны ніяк не змяніліся, адзначыў кіраўнік краіны.