Лукашэнка прызнаўся, што не хоча ані ў NATO, ані ў Расею – і прапанаваў трэці варыянт


Аляксандр Лукашэнка. Фота – Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

Паводле кіраўніка Беларусі, каб застацца незалежнай дзяржавай, нашая краіна павінная абараняць сябе сама. Гэтак Лукашэнка адказаў крытыкам «закону аб адтэрміноўках» падчас святочнай сустрэчы з нагоды Дня Незалежнасці.

У сваёй прамове Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за мір трэба змагацца ў мірны час.

«Мы заўсёды казалі, я гэта прайшоў спаўна і маю права сказаць: Радзіму, Айчыну павінныя абараняць усё. Усе – асабліва мужыкі. Мы знахабіліся да такой ступені, што на жанчын пачалі перакладаць і гэтую праблему, – заявіў Лукашэнка. – У Беларусі гэтага быць не павінна! Жанчына павінная адказваць за сваё, а мы павінныя забяспечваць сям’ю і абараняць Радзіму, сваю сям’ю і сваю жанчыну», – заявіў ён.

Лукашэнка таксама згадаў новы «закон аб адтэрміноўках».

«Разгарнулася бурная палеміка: як будзем служыць у войску? Чытай – а як будзем абараняць сваю зямлю, сваю Бацькаўшчыну, як? Бедны міністр абароны Раўкоў: яго здратавалі ўжо ўздоўж і папярок – не тое прапанаваў, не тое ваенныя ўнеслі на разгляд парламента, а тыя нешта там прынялі, а заўтра будзе катастрофа. Так супакойцеся. Кіраўнік краіны не паставіў подпіс ні на адным дакуменце, дзе вы думаеце пра катастрофу», – працягнуў Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў, што закон цяпер крытыкуюць тыя, хто раней выступаў за незалежнасць.

«Суверэнітэт і незалежнасць – гэта самыя дарагія рэчы, яны вельмі дорага каштуюць, і не толькі ў грашовым выглядзе. І нашае грамадства на «ўра» ўспрыняла – будзем суверэнныя і незалежныя. Асабліва тыя, хто сёння там папісваў. А калі паўстала пытанне пра доўг, пра цану незалежнасці хоць бы ў частцы абароны суверэнітэту, усе закрычалі: «Не!» – сказаў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, каментатары прапануюць падзяліць грамадства на простых грамадзянаў, якія будуць абараняць краіну, і іншых, якія будуць вучыцца, працаваць і жыць за мяжой, але не ваяваць за Радзіму.

«Абдумваючы падкінутую тэму, пачынаю разважаць – мне ж закон падпісваць. А якія ёсць варыянты, акрамя тых, якія прапісаныя ці будуць прапісаны ў законе?», – спытаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле ягоных словаў, варыянтаў вырашэння сітуацыі – тры. Першы – звярнуцца па абарону ў NATO.

«Калі мы моцна папросім, яны нам паабяцаюць. І тыя, якія папісваў у інтэрнэце, з задавальненнем бы гэта прынялі. Вы хочаце гэтага варыянту? Я – не», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Другі варыянт, на думку Лукашэнкі, – уступіць у склад Расеі.

«Мы можам папрасіць, каб яны нас абаранялі, – ядравы парасон, гіпергукавыя зброя і іншае. Ці можам папрасіць і дамовіцца. Я думаю, прынамсі, на першым часе, для нашага пакалення хопіць, а дзеці самі няхай разбіраюцца потым. Вы хочаце ў склад Расеі, каб яна нас абараніла? Не. І я не хачу», – заявіў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, беларусам застаецца самім абараняць сябе.

«І тыя, хто папісваў, так і разважаюць – толькі думаюць, што не яны будуць са стрэльбай хадзіць ад Берасця да Смаленска, не яны будуць на бронетэхніцы, у самалётах лятаць, абараняючы нашу краіну, а тыя, якія не могуць нікуды паступіць і гэтак далей. Вы хочаце, каб было так? Я – не. Пасля мяне – калі ласка», – падсумаваў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка на святочнай сустрэчы з нагоды Дня Незалежнасці. Фота – president.gov.by

26 чэрвеня Палата Прадстаўнікоў прыняла праект закону «Аб змяненні законаў у пытаннях эфектыўнага функцыянавання вайсковай арганізацыі дзяржавы», вядомы як «закон аб адтэрміноўках».

28 чэрвеня законапраект зацвердзіў Савет Рэспублікі.

Неўзабаве – пасля подпісу Лукашэнкі – адтэрмінаванні з прычыны вучобы можна будзе ўзяць толькі адзін раз. Гэта значыць, што навучанне ў ВНУ пасля каледжу і працяг адукацыі ў магістратуры без службы ў войску будуць немагчымыя. Таксама ваенкамат зможа абмежаваць выезд прызыўніка за мяжу.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў