Лукашэнка заявіў пра адказнасць Беларусі за афганскую вайну


Падчас сустрэчы ў Менску з прэм’ер-міністрам Афганістана Абдулой Абдулой Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь, як адна з былых рэспублік СССР, таксама нясе адказнасць за тое, што адбывалася ў свой час паміж Савецкім Саюзам і Афганістанам. Відавочна ён меў на ўвазе ваенны канфлікт 1979-1989 гг., але слова «вайна» або «агрэсія» не казаў.

«Гэтая адказнасць не толькі на Савецкім Саюзе. У большай ступені гэта адказнасць і іншых краін, Вы іх добра ведаеце. Я не прыхільнік таго, каб забываць гісторыю, але і пакутаваць увесь час па тым працэсам, якія адбываліся, напэўна, будзе няправільна. Трэба выбудоўваць адносіны, трэба рабіць усё, каб у будучыні нашы адносіны былі выдатнымі і каб нам не было сорамна глядзець адзін аднаму ў вочы», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Лукашэнка запэўніў, што Беларусь гатовая развіваць узаемадзеянне па ўсіх напрамках, якія могуць быць цікавыя Афганістану.

У афганскай вайне (1979–1989 гг.) прынялі ўдзел каля 30 тысяч беларусаў. Больш за 1,5 тыс. беларусаў атрымалі раненні і кантузіі, 718 вярнуліся інвалідамі, 771 загінуў. 12 чалавек лічацца зніклымі бяз вестак.

Усяго, згодна з афіцыйнай статыстыкай, у Афганістане загінулі 14 453 грамадзяніна СССР.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў