Лукашэнка прызначыў новага гендырэктара БелТА, міністра лясной гаспадаркі і намесніка Качанавай


Аляксандр Лукашэнка сёння правёў некаторыя кадравыя прызначэнні і загадаў «зрабіць сістэму ідэалагічнай працы ў краіне больш сучаснай».

Былы вайсковец, эксперт па нацбяспецы

Як перадае БелТА, Лукашэнка прызначыў Уладзіміра Жаўняка намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

«У сферы ідэалогіі нам трэба выбудоўваць добрую сістэму. І прамой працы з людзьмі, і рабіць яе больш сучаснай…А ідэалагічнай працай трэба займацца ўсім, пачынаючы ад прэзідэнта і заканчваючы кіраўнікамі прадпрыемстваў. Якая гэтая будзе сістэма – вам з кіраўніком Адміністрацыі яе выбудоўваць і з вашымі падначаленымі», – сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да новапрызначанага чыноўніка.

Уладзімір Жаўняк

Адметна, што Жаўняк праслужыў у войску з 1985 па 2002 год. У 1989 скончыў Новасібірскую вышэйшую ваенна-палітычную агульнавайсковую вучэльню, у 1999 годзе – БДУ. З 2002 па 2006 год працаваў дарадцам-кансультантам аддзялення заканадаўства па пытаннях нацыянальнай бяспекі, праваахоўных і судовых органаў Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

З 2014 года па цяперашні час працаваў на пасадзе намесніка дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі.

Нагадаем, са снежня 2016 года Адміністрацыю прэзідэнта ўзначальвае Наталля Качанава.

З міліцыянтаў – у ляснічыя

Таксама Лукашэнка прызначыў новага міністра лясной гаспадаркі. Ім стаў 40-гадовы Віталь Дрожжа. Вядома, што ён год праслужыў у міліцыі, але потым сышоў працаваць ляснічым у Лагойскі лясгас.

Віталь Дрожжа

З 2008 па 2013 год кіраваў Бабруйскай лясной гаспадаркай. З 2013 і да сённяшняга дня быў гендырэктарам нацынальнага парку «Браслаўскія азёры», які належыць да Упраўлення справамі прэзідэнта – структуры, якую ўзначальвае Віктар Шэйман.

«Калі ідзеце на пасаду гендырэктара БелТА – значыць, падтрымліваеце палітыку прэзідэнта»

Лукашэнка таксама прызначыў новага гендырэктара БелТА. Ірына Акуловіч (1974 года нараджэння) працавала карэспандэнтам Агенства тэленавінаў у Магілёве. З 2009 года да цяперашняга часу працавала дырэктарам Тэлерадыёкампаніі «Магілёў». Яна таксама ўваходзіць у Савет Рэспублікі, з’яўляецца чальцом пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтву. Перад Акуловіч Лукашэнка паставіў задачу вывесці БелТА на новую ступень развіцця.

Ірына Акуловіч

«Калі будуць нейкія праблемныя пытанні і іншае, вы з часта будзеце сутыкацца. Вы наўпрост скажыце або праз прэс-сакратара, кіраўніка Адміністрацыі… Добра, што вы прыйшлі знізу. Вы – гэты нерв народны адчуваеце вастрэй, чым нават я, хоць сутыкаюся пастаянна з людзьмі» – сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Палітыку дзяржавы і прэзідэнта вы ведаеце. Калі ідзеце на гэтую пасаду, значыць, падтрымліваеце яе. І справа тут не ў прэзідэнце, а ў той палітыцы, якую мы павінны ўжо з вамі разам з сённяшняга дня ажыццяўляць, каб захаваць краіну, яе незалежнасць і суверэнітэт», – дадаў Лукашэнка.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў