Лукашэнка прызначыў міністрам спорту супрацоўніка уласнай службы бяспекі


Міністрам спорту і турызму прызначаны Сяргей Кавальчук – раней ён на працягу 14 гадоў працаваў у Службе бяспекі прэзідэнта.

Лукашэнка заявіў, што на пасаду міністра прызначаны вайсковец, таму што ў галіне неабходна навесці парадак. «Генерал не спрацаваў (былы міністр Аляксандр Шамко меў званне генерал-маёра – belsat.eu), таму бралі ніжэй, хоць не вельмі нізка», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Пакуль у нас у спорце больш праблем, чым перамог і поспехаў. Думай, глядзі, з кім працаваць, выбудоўвай сістэму. Але галоўнае – там не хапае дысцыпліны. Трэнерскі склад працуе агідна, за выключэннем некаторых», – адзначыў ён, звяртаючыся да Кавальчука.

Сяргей Кавальчук нарадзіўся 14 жніўня 1968 гады ў сяле Журавок Іванаўскага раёну Берасцейскай вобласці. У 1989 годзе скончыў Адэскае вышэйшае артылерыйскае каманднае вучылішча, у 1999-м – Ваенную акадэмію. З 1989 па 2004 год служыў ва Узброеных Сілах. З 2004 года – супрацоўнік Службы бяспекі прэзідэнта. Узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» III ступені, медалямі «За бездакорную службу» I, II і III ступені.

Сяргей Кавальчук. Фота – Белта

Акрамя скупых біяграфічных звестак, якія апублікавала дзяржаўнае агенцтва БелТА, пра Кавальчука нічога не вядома – чалавек ён не публічны. Нават не вядома, якую пасаду Кавальчук займаў у Службе бяспекі.

Нагадаем, 15 лютага Лукашэнка адправіў у адстаўку міністра спорта Аляксандра Шамко «за непрыняцце дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамасных арганізацыях».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў