Аляксандр Лукашэнка 12 лютага прыбыў з працоўным візітам у Расейскую Федэрацыю. Увечары ягоны самалёт зрабіў пасадку ў аэрапорце Сочы.
«Па прылёце прэзідэнта сустракалі віцэ-губернатар Краснадарскага краю Васіль Швец, кіраўнік горада Сочы Анатоль Пахомаў, амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч, амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка, а таксама дырэктар дэпартамента дзяржаўнага пратакола МЗС Расіі Ігар Багдашоў», – паведамляюць у прэс-службе Лукашэнкі.
Як раней заяўляў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, падчас сустрэчы ў Сочы, прэзідэнты абмяркуюць дзейнасць расейска-беларускай працоўнай групы, створанай для разгляду інтэграцыйных працэсаў у межах Саюзнай дзяржавы, а таксама спрэчных пытанняў. Пра новую сустрэчу прэзідэнты дамовіліся 31 студзеня ў ходзе тэлефоннай размовы.
Напрыканцы 2018 года беларуска-расейскія стасункі заўважна пагоршыліся. У снежні Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў праводзіў перамовы з Уладзімірам Пуціным: расейскі лідар патрабаваў «глыбокай інтэграцыі», а Лукашэнка дамагаўся зніжэння цаны на газы і кампенсацыі за падатковы манеўр. Перамовы скончыліся безвынікова.
Падатковы манеўр, які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з 2019 года, паэтапнае ануляванне экспартных мытаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, агульныя страты бюджэту краіны ад падатковага манеўру 2019-га да 2024 года могуць скласці $ 8–12 млрд. Менск хоча атрымаць ад Масквы кампенсацыю за падатковы манеўр, але расейскі бок на гэта пакуль не пагадзіўся.
Цана на газ для Беларусі – яшчэ адно спрэчнае пытанне ў беларуска-расейскіх стасунках. У 2018 годзе Беларусь купляла газ па фіксаванай цане $ 129 за тыс. куб.м. У 2019 годзе гэтая цана будзе $ 127. Цана на 2020 год яшчэ не вызначаная. Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб Беларусі далі магчымасць купляць газ па ўнутрырасейскім цэнам – па $ 70, як у Смаленскай вобласці. У Расеі лічаць такі варыянт магчымым толькі ва ўмовах больш шчыльнай інтэграцыі – гэта асноўная думка так званага ультыматуму Мядзведзева.
Ультыматум Мядзведзева – заява прэм’ер-міністра РФ на паседжанні Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы, паводле якой на эканамічныя датацыі (у прыватнасці, праз адзіную палітыку тарыфаў і цэнаў) Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду і падліковай палаты. У адказ Аляксандр Лукашэнка 14 снежня заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.
На сайце апрацоўваюцца персанальныя дадзеныя карыстальнікаў у выглядзе адраса электроннай пошты. Падпісваючыся на рассылку, вы аўтаматычна на гэта згаджаецеся.
Паважаныя наведнікі! Нашая старонка выкарыстоўвае файлы cookies. Яны неабходныя для як мага лепшай працы старонкі. Калі вы заходзіце на нашую старонку без зменаў у браўзеры, гэта азначае, што вы пагаджаецеся атрымліваць файлы cookies з сайту belsat.eu. У любы момант вы можаце змяніць налады браўзеру і адмовіцца ад атрымання файлаў cookies.Болей пра прыватнасць тут.