Лукашэнка прыгразіў адстаўкай віцэ-прэм'еру Русаму


Аляксандр Лукашэнка падчас візіту на Магілёўшчыну выказаў незадаволенасць развіццём сельскай гаспадаркі ў вобласці, якая па паказніках знаходзіцца на апошніх месцах.

«Цэлы віцэ-прэм’ер, якi загадвае сельскай гаспадаркай, курыруе Магілёўскую вобласць, упаўнаважаны кіраўніка краіны (Міхаіл Русы). Памочнік зубы праеў на сельскай гаспадарцы і Магілёўскай вобласці. Губернатар самы прасунуты. І вы займаеце апошняе месца. Якія я з гэтага павінен рабіць высновы?» – спытаў кіраўнік дзяржавы.

«Тыдзень тэрміну ўнесці прапановы, бо пойдзеце самі сюды працаваць. Я вас сюды пасылаў па кадрах – вы разбіраліся ўсю зіму, я вас папярэджваў пра сітуацыі тут. Але сітуацыя не мяняецца. Мне гэтыя абяцанні не патрэбныя», – папярэдзіў Лукашэнка кіраўніцу сваёй адміністрацыі Наталлю Качанаву.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней адказным службовым асобам даручалася выправіць становішча справаў у сельскай гаспадарцы Магілёўскай вобласці. Аднак бачных вынікаў няма.

«Ім было сказана, у тым ліку і Даманеўскаму (старшыня Магілёўскай вобласці Уладзімір Даманеўскі): не будзе выпраўленая сітуацыя на працягу года – будзем прымаць меры. Таму тыдзень тэрміну, і будзем разбірацца з віцэ-прэмʼерам і памочнікам, раз не змаглі працаваць як трэба», – сказаў Лукашэнка.

«Гэта недапушчальна, што вы ўвесь час целяпаемся. Ёсць жа ўзоры добрай працы (вось гэта гаспадарка), чаму няма тады выніку? У вас правал па ўсіх напрамках, пры тым не на палову адсотка-адсотак», – канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Hавiны
Лукашэнка загадаў калгасам працаваць па-новаму
2019.03.25 10:28

СК belsat.eu

Стужка навінаў