Лукашэнка прыгадаў, як прапаноўваў Клінтану пасаду ў Саюзнай дзяржаве


Падчас сустрэчы ў Акадэміі кіравання Лукашэнка распавёў, як аднойчы, у 1999 годзе ў кулуарах міжнароднага саміту сустрэўся з Ельцыным і Клінтанам і прапанаваў апошняму «стаць кіраўніком Саюзай дзяржавы». Лукашэнку цытуе ягона прэсавая служба.

Гаворачы пра распрацоўку новага закона аб дзяржслужбе, Лукашэнка сказаў, што Беларусь хоць і абапіраецца на новы досвед, але павінна ў першую чаргу зыходзіць не з запазычання нейкіх замежных мадэляў, а з прыярытэтаў сваёй дзяржаўнай палітыкі.

У пацверджання сваіх слоў ён прыгадаў сітуацыю з мінулага. Лукашэнка распавёў як у кулуарах міжнароднага саміту ў 1999 годзе сустрэўся з тагачаснымі лідарамі Расеі і ЗША Барысам Ельцыным і Білам Клінтанам Прэзідэнт Амерыкі збіраўся пакідаць сваю пасаду і, паводле слоў Лукашэнкі, пакуль не ведаў, чым займацца далей.

«Я Ельцыну кажу: «Слухай, Барыс, давай яму прапануем пасаду? «Ён на мяне глядзіць сур’ёзна: «Якую?» Я кажу: «У Саюзнай дзяржаве яго возьмем кіраўніком, ён жа ў нас усё роўна з нашай падачы будзе вырашаць там праблемы».

Ельцын зычным голасам зарагатаў, што ўсе на нас звярнулі ўвагу. Клінтан таксама смяецца, але не разумее, пра што мы гаворым. Перакладчык яму перавёў – ён яшчэ больш пачаў смяяцца», – сказаў Лукашэнка.

Ён заўважыў, што не дай бог прэзідэнту ЗША кіраваць у Беларусі ці Расеі.

«Давядзецца займацца і фермамі, і бульбай, а не толькі меркаваннямі людзей. Паназірайце за працай прэзідэнтаў на постсавецкай прасторы і нашага любімага і паважанага Доналда Трампа – дзве вялікія розніцы», – выказаўся кіраўнік Беларусі.

«Таму з замежным вопытам трэба быць акуратней, не толькі на самым версе, але і наагул», – дадаў Лукашэнка.

КА belsat.eu

Стужка навінаў