Лукашэнка прыехаў у Гомель на электрычцы


З візітам у Гомель сёння, 17 чэрвеня, прыбыў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Лідар Беларусі прыехаў у Гомель на новай электрычцы, падае сайт Mitut.by Па словах гамельчукоў, горад перапоўнены прадстаўнікамі спецслужбаў.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў Гомлі прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця рэгулярнага руху цягнікоў на электрычнай цязе па кірунку Гомель – Менск – Гомель, падае Belta.by. На цырымонію былі запрошаныя працаўнікі ды ветэраны Беларускай чыгункі, студэнты і навучэнцы транспартных навучальных устаноў Гомля. Начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў звярнуўся да кіраўніка дзяржавы па дазвол адкрыць рэгулярны рух цягнікоў у гэтым напрамку. Аляксандр Лукашэнка даў адпаведны дазвол, пасля чаго першы грузавы цягнік на электрацязе адправіўся са станцыі Гомель.

З вакзалу Лукашэнка паехаў па гомельскім праспекце ўрадавым картэжам у суправаджэнні ДАІ, падае Gomel.today. Гамельчукі пішуць у сацыяльных сетках, што ў цэнтры гораду рэкламу на білбордах перад прыездам кіраўніка краіны памянялі на сацыяльную. Да гэтага паведамлялася, што ў Гомлі да 14:00 будуць перакрытыя цэнтральныя вуліцы: Савецкая, Кірава, Пралетарская, Фрунзе, Ільіча, а таксама на праспектах Леніна і Перамогі будзе часова абмежаваны рух транспарту і магчымасць паркоўкі.

Афіцыйна адміністрацыя кіраўніка краіны не пацвярджала візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Гомель, але ўлады гораду праводзілі маштабныя працы добраўпарадкавання. Аднак як заўжды: прыгажосць і парадак наводзілі толькі там, дзе меў быць Лукашэнка.

МЯ, паводле mitut.by, gomel.today, belta.by

Стужка навінаў