Лукашэнка працуе 10–12 гадзін у месяц: самыя гучныя цытаты з «Размовы»


У розныя дні «Размову» вядуць Святлана Калінкіна, Уладзімір Мацкевіч і Усевалад Сцебурака

Калі вы яшчэ не маеце звычкі рэгулярна глядзець нашае ток-шоу, вось што вы прапускаеце. Выбралі для вас самыя цікавыя заявы з апошніх выданняў «Размовы».

«Размова» выходзіць штодня ад панядзелка да чацвярга а 20:25 (пасля галоўнага выдання навінаў «Аб’ектыў»). Глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Госці ток-шоу дапамагаюць нам разабрацца, што важнага адбываецца ў Беларусі, і раяць, як вырашыць надзённыя праблемы.

Замест кіравання краінай займаецца гульнямі

«Скажу аб Лукашэнку […] на нарадзе ён выйдзе, крычыць, рукамі махае. Але насамрэч максімум, што ён робіць, – гадзін 10–12 у месяц займаецца справамі. У месяц! 10–12 гадзін. Увесь астатні час ён займаецца рознымі гульнямі, як спартовымі, гэтак і сельскагаспадарчымі», – распавёў былы начальнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Пласкавіцкі.

Глядзіце поўную версію «Размовы» з Аляксандрам Пласкавіцкім:

Фота PhotoXpress/ZUMAPRESS.com

Эўтаназія – больш гуманнае выйсце за жабрацкую беларускую пенсію

Да такой жорсткай высновы прыйшоў адмысловец у эканоміцы хатніх гаспадарак Уладзімір Бараніч: «Калі раней людзі майго ўзросту, майго пакалення маглі разлічваць на нармальную пенсію, то цяпер усё памянялася. У выніку я рэальна атрымаю ў 65 гадоў бомж-пакет, які складае палову ад сярэдняга пражыткавага мінімуму. Пражыткавы мінімум цяпер недзе 216 рублёў. То бок пенсія будзе складаць 108 рублёў. Як можна пражыць на 108 рублёў? У гэтым выпадку больш гуманна было б абвесціць праграму эўтаназіі, каб людзі не пакутавалі».

Глядзіце поўную версію «Размовы» з Уладзімірам Баранічам:

Фота Sergei Malgavko/TASS/Forum

Расея выдаткоўвае на беларусаў $ 1 тыс., а на сваіх грамадзянаў – толькі $ 100

«Калі федэральны бюджэт Расеі субсідуе рэгіянальныя бюджэты, на аднаго расейца выдаткоўваецца 100 долараў. Калі субсідуецца Беларусь, то атрымліваецца, што на аднаго беларуса выдаткоўваецца 1000 долараў», – падлічыў эканаміст Леанід Злотнікаў.

Глядзіце поўную версію «Размовы» з Леанідам Злотнікавым:

Фота Mikhail Metzel/TASS/Forum

Значная частка беларускага бюджэту ідзе… у турмы

Іншы цікавы падлік зрабіў кіраўнік Цэнтру сацыяльных і эканамічных даследаванняў CASE Belarus Серж Наўродскі: «… у нас вельмі доўгі сярэдні тэрмін утрымання. Па маіх асабістых лічбах, гэта больш за шэсць гадоў – сярэдні тэрмін утрымання за кратамі. Па-другое, насамрэч, як вы сказалі, Беларусь ёсць адной з самых населеных людзьмі ў турмах краінай. Па маіх падліках, дзяржаве ўтрыманне ўсіх зняволеных у год абыходзіцца ад $ 40 да 50 млн».

Глядзіце поўную версію «Размовы» з Сержам Наўродскім

Ніхто не ведае, пра што насамрэч думаюць беларусы

«Тыя людзі, якія прымаюць рашэнні на самым высокім узроўні, я проста ўпэўненая, не маюць якасных сапраўдных ведаў пра тое, што адбываецца з грамадскаю думкай у Беларусі, з устаноўкамі, з каштоўнасцямі. Бо сфера сацыялогіі фактычна зачышчаная, і мы не маем гэтых ведаў. У некаторых сітуацыях гэта проста небяспечна. Напрыклад, як сёння ў сітуацыі абвастрэння інфармацыйнай вайны з Расеяй. Ніхто не ведае, што беларусы сапраўды пра гэта думаюць. Гэта не толькі незалежная сацыялогія пра гэта не ведае, гэтага не ведаюць і ў органах кіраўніцтва і гэта небяспека», – упэўненая кандыдат сацыялагічных навук Аксана Шэлест.

Глядзіце поўную версію «Размовы» з Аксанаю Шэлест:

Фота Наталля Фядосенка/Reuters/Forum

Больш «Размоваў» вы знойдзеце ў закладцы «Праграмы»

Фота на застаўцы: Аляксандр Лукашэнка падчас гульні ў хакей на лядовай арэне ў цэнтры «Сірыус» у Сочы. Аўтар Mikhail Klimentyev/Russian Presidential Press and Information Office/TASS/Forum

Стужка навінаў