Лукашэнка прапануе вучыцца ў амерыканцаў і канадцаў. Хакею


Пра гэта кіраўнік Беларусі паведаміў 5 верасня падчас сустрэчы з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазелем.

«Мы вельмі сурʼёзна, што датычыцца канцэпцыі, тактыкі, стратэгіі хакея, прайграем заакіянскім спартсменам. Нам трэба вельмі сурʼёзна звярнуць увагу на сістэму падрыхтоўкі спартсменаў, і хакеістаў перш за ўсё, запазычваючы вопыт канадцаў і амерыканцаў – яны гуляюць у зусім іншы хакей», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

4 верасня зборная Беларусі па хакеі па булітах прайграла Славеніі (2:3) у вырашальным матчы алімпійскага кваліфікацыйнага турніру. Беларускія хакеісты гулялі на Алімпіядах у 1998, 2002 і 2010 гадах. На зімовую Алімпіяду ў 2006, 2014 і 2018-га мы не змаглі прабіцца.

«З майго пункту гледжання, так і павінна было здарыцца, таму што мы ж памятаем, як каманда гуляла на апошнім чэмпіянаце свету ў траўні – адскочылі ў апошнім матчы. І замест таго, каб усё лета трэнавацца і рыхтавацца да гэтых гульняў, яны, мабыць, на «югах» адпачывалі. Таму так і атрымалася: хто хацеў выйграць і паехаць на Алімпіяду, той выйграў», – пракаментаваў выступ беларускіх хакеістаў Лукашэнка.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by, фота – ria.ru, AP/Dmitry Brushko

Стужка навінаў