Лукашэнка прапанаваў не рабіць з ЕАЭС прастору «нацыянальнага пратэкцыянізму»


27 лістапада ў Менску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі ўрадаў – членаў Еўразійскага эканамічнага саюзу (ЕАЭС).

Падчас сустрэчы кіраўнік Беларусі нагадаў, што ЕАЭС дзейнічае ўжо 4 гады, а праблем усцяж хапае. «Асноўныя праблемы вядомыя, таму я хацеў бы заклікаць вас і папрасіць яшчэ раз уважліва абмеркаваць іх і прыняць вывераныя рашэнні, неабходныя для станаўлення паўнавартаснага эканамічнага саюзу», – сказаў Лукашэнка.

Галоўнай праблемай для Беларусі ў ЕАЭС Лукашэнка назваў «нявыгадныя» увазныя мыты.

«Прапанова чарговы раз працягнуць тэрміны актуальных нарматываў, мы пра гэта часта гаворым, абсалютна нявыгадная для Беларусі. Вядома, мы яе падтрымаць не можам», – заявіў Лукашэнка, каментуючы ініцыятыву працягнуць дзеянне нарматываў па ўвазных мытах.

Увазныя мыты ў ЕАЭС размяркоўваюцца наступным чынам: Арменія – 1,22 %, Беларусь – 4,56 %, Казахстан – 7,055 %, Кыргызстан – 1,9 %, Расея – 85,265 %. Нарматывы будуць дзейнічаць да 31 снежня 2019 года.

«Заканамернае пытанне: да чаго мы ў такім выпадку імкнемся – да адзінай эканамічнай прасторы або да выкарыстання прававых шчылін для нацыянальнага пратэкцыянізму? Мы павінны дакладна разумець: саюз будзе мець каштоўнасць для нашых эканомік і вонкавых партнёраў, толькі калі ён стане прадказальнай арганізацыяй, якая будзе гуляць па вызначаных намі жа правілах», – сказаў кіраўнік Беларусі.

Шэраг адмыслоўцаў крытыкуе ЕАЭС за наяўнасць моцнага палітычнага чынніка. Расея выкарыстоўвае гандлёвыя рычагі для палітычнага ціску на саюзнікаў, а тыя, у сваю чаргу, спрабуюць атрымаць за гэта эканамічную кампенсацыю, у тым ліку – нелегальнымі метадамі. Пры гэтым Беларусь вельмі інертна паводзіць сябе ў перамоўным працэсе і нярэдка падпісвае пагадненні, якія пагаршаюць пазіцыю краіны ў доўгатэрміновай перспектыве, вырашаючы пытанне кароткатэрміновай дапамогі, напрыклад, крэдыт ад Масквы.

ЮВ, belsat.eu, паводле president.gov.by

Стужка навінаў