Лукашэнка прамяняў Варшаву на Маскву

Акцыя салідарнасці ў Варшаве, Польшча. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Ужо відавочна, што пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі беларуска-польскія стасункі чакае складаны перыяд, а можа, і найгоршы ў найноўшай гісторыі краінаў.

Рэпрэсіямі, забойствамі і гвалтам у дачыненні да мірных пратэстоўцаў Менск канчаткова пахаваў тыя невялічкія, але пазітыўныя крокі, што ў дачыненнях з Варшаваю былі зробленыя за апошнія гады. У Нямеччыне, Францыі або Іспаніі іншая палітычная павестка, і яны маюць іншае месца на мапе. Там урады могуць абмежавацца сімвалічнымі заявамі, бо гэтая тэма не надта знаёмая мясцовым жыхарам дый не вельмі для іх зразумелая. Як казаў у аўторак кіраўнік польскага ўраду Матэўш Маравецкі, там, на захадзе, беларускае пытанне «не зусім відавочнае». Тут жа, у Варшаве, сітуацыя моцна адрозніваецца і ўсё вельмі відавочна.

Hавiны
Матэўш Маравецкі: «Польскі ўрад заклікае Расею неадкладна адмовіцца ад сваіх планаў ваеннага ўваходжання ў Беларусь»
2020.08.27 20:35

Калі яшчэ перад выбарамі ў Беларусі на польскай палітычнай сцэне гучалі галасы прыхільнікаў палітыкі ўжывання «морквы» – наконт таго, што, маўляў, «з Лукашэнкам трэба супрацоўнічаць, каб канчаткова не запіхнуць яго ў імперскую Расею», то сёння нават самыя верныя прыхільнікі «бацькі» не рызыкнуць выказацца на знак яго падтрымання. Апошні (а можа, і не апошні) цвік у труну Лукашэнка забіў, абвінавачваючы Польшчу ў тэрытарыяльных прэтэнзіях да Беларусі, у прыватнасці – да Гарадзеншчыны. Паўтараў гэтую хлусню (якую спрытна выкарыстоўвае расейская прапаганда) ужо чарговы раз.

Варшава не вытрымала і выклікала ў чацвер беларускага амбасадара ў МЗС. У такой сітуацыі кожны польскі палітык, які скажа пра патрэбу «пацяплення» дачыненняў з рэжымам Лукашэнкі, рызыкуе хутка скончыць палітычную кар’еру. Бо першы-лепшы журналіст запытае: «Чаму вы бароніце рэжым, які не толькі забівае і трымае людзей у турмах, але і праводзіць антыпольскую палітыку?» А могуць жа і рэпрэсаваны цягам гадоў Саюз Палякаў прыгадаць. Карацей, усе карты тут сёння не ў Лукашэнкі.

Акцыя салідарнасці ў Варшаве, Польшча. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Калі яшчэ зусім нядаўна Польшча была краінаю, якая спрабавала «цывілізаваць рэжым», весці з ім дыялог на высокім узроўні, запрашала лукашэнкаўскіх палітыкаў у Варшаву (Мясніковіч), то сёння Польшча – галоўны прыхільнік ізаляцыі рэжыму і ўвядзення санкцыяў. Акрамя таго Польшча ўжо дэкларуе самае вялікае фінансавае падтрыманне ў ЕЗ (50 мільёнаў злотых, больш за 11 мільёнаў еўраў), што пойдзе на дапамогу грамадзянскай супольнасці, вольным медыям і апазіцыі ў Беларусі. І гэта мае быць толькі пачатак.

Акцыя салідарнасці ў Варшаве, Польшча. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

А яшчэ зусім нядаўна ў Варшаве цалкам сур’ёзна казалі пра магчымасць пастаўляць у Беларусь нафту, нават адпаведную інфраструктуру пачалі будаваць і хутка павінны былі скончыць. Не сакрэт, што размовы гэтыя актывізаваліся пасля беларуска-расейскага канфлікту на фоне «паглыблення інтэграцыі». А што сёння з гэтых планаў засталося? Інфраструктура Польшчы спатрэбіцца і без таго (на патрэбы рэверсу, напрыклад, забруджанай нафты), але да Лукашэнкі нафта, хутчэй за ўсё, не паплыве. Удасца накласці санкцыі на беларускіх чыноўнікаў (а можа, і персанальна на Лукашэнку), а пазней – садзіцца за стол перамоваў і рэалізоўваць супольныя інвестыцыі? А ці кіраўніку дыпламатыі Макею ўдасца ўтрымаць бязвізавы рэжым для грамадзянаў заходніх краінаў, калі Еўропа і ЗША робяцца галоўным ворагам рэжыму? А ці рэгрэс польска-беларускіх стасункаў адчуюць нешматлікія польскія інвестары ў Беларусі? А ці і без таго складаная сітуацыя Саюзу палякаў Беларусі можа яшчэ больш пагоршыцца?

Чаму Польшча гэтак моцна дапамагае беларусам і навошта ўвогуле гэта Польшчы – запытала ў мяне нядаўна адна нямецкая журналістка. А навошта Нямеччыне была патрэбная свабодная Польшча як частка Еўразвязу і NATO? Каб мець прадказальнага і адэкватнага суседа, з якім можна гандляваць і на мяжы з якім не трэба ўзмацняць абарону – вось неяк так патлумачыў.

Акцыя салідарнасці ў Варшаве, Польшча. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў