Лукашэнка: Праект новай Канстытуцыі можа быць гатовы да канца 2021, яго лёс вырашыць рэферэндум


Праект новай Канстытуцыі Беларусі можа быць гатовы да канца 2021, яго лёс людзі вырашаць на рэферэндуме, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю праграме «Дзейныя асобы з Наілей Аскер-задэ» на тэлеканале «Россия 1».

Ён удакладніў, што «папраўкі ў Канстытуцыю, можа быць, калі дэлегаты будуць гатовыя да гэтага, будуць пазначаныя [на сходзе], а ўнясенне іх будзе выключна на рэферэндуме», тэрміны якога гэтак сама абвесцяць на сходзе.

«Думаю, што цягам года мы зможам распрацаваць праект новай Канстытуцыі, – працягваў Лукашэнка. – І думаю, што да канца наступнага года праект новай Канстытуцыі будзе гатовы. І тады на рэферэндуме людзі вызначаць, быць новай Канстытуцыі ці не быць».

Пры гэтым ён адмовіўся «прыадкрыць заслону таямніцы» адносна таго, якія новаўвядзенні мяркуецца ўнесці ў Канстытуцыю. «Не, я не магу цяпер яе прыадкрыць, бо да канца не сфармаваныя асноўныя прапановы аб змяненні. Гэта па-першае, – сказаў Лукашэнка. – Па-другое, я абазначаў некаторыя: аб пераразмеркаванні паўнамоцтваў, аб партыйным будаўніцтве. Гэта палітычныя пытанні. У эканоміцы мы пакінем прапанову, каб у нас была сацыяльна арыентаваная дзяржава».

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў