Лукашэнка прадае вучэнні ЗША ў Еўропе. Ці купіць іх Пуцін?


Найбольшае з часу халоднай вайны перакіданне сілаў ЗША ў Еўропу пачалося. У Бельгіі стартаваў першы этап вучэнняў «Абаронца Еўропы 2020». Пакуль на кантынент прыбываюць першыя адзінкі тэхнікі для падрыхтоўкі манеўраў, аднак у Расеі дзяржаўная прапаганда пачала вэрхал на тэму «натаўскай агрэсіі». Ці ёсць чаго баяцца Пуціну і Лукашэнку? Адказ мы шукалі разам з былым камандуючым сіламі ЗША ў Еўропе, а цяпер адным з кіраўнікоў Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі Бэнам Годжэзам і былым міністрам абароны Польшчы Рамуальдам Шарамецьевым.

Першы брытанскі карабель з вайсковаю тэхнікай прыбывае ў порт Антвэрпэну ў Бельгіі ды пачынае разгрузку. Гэтак стартуюць самыя маштабныя вучэнні ў Еўропе з часу падзення Савецкага Саюзу.

Пол Акурыя, камандуючы войскамі ў Антвэрпэне, Бельгія:

«Для Бельгіі гэта пачатак аперацыі, якая працягнецца да сярэдзіны траўня, калі войскі будуць разгорнутыя ў Нямеччыне і Польшчы. Гэта адзіны шлях паказаць, што мы надзейныя партнёры ў межах NATO, таму мы рэальна хочам, каб усё прайшло паспяхова».

ВІДЭА
Лукашэнка «прадае» Пуціну амерыканскія танкі на мяжы Беларусі
2019.10.26 09:58

«Defender Europe 2020», ці «Абаронца Еўропы» – вучэнні пад кіраўніцтвам ЗША, якія задзейнічаюць да сарака тысяч вайскоўцаў з дзевятнаццаці краінаў і працягнуцца ажно да сярэдзіны чэрвеня. Мэта – адпрацаваць хуткае перакіданне частак арміі ЗША ў Еўропу ды агулам перадыслакацыю і ўзаемадзеянне войскаў на Захадзе ў выпадку крызісу.

«Абаронца Еўропы» ўключае ў сябе цэлы шэраг вучэнняў розных мэтаў і маштабу, якія найбольш актыўна будуць ісці на тэрыторыі Нямеччыны, Польшчы ды краінаў Балтыі – усходняга флангу NATO.

Каментуе экс-міністр абароны Польшчы Рамуальд Шарамецьеў:

«Калі ЗША шукаюць партнёраў у Еўропе, то яны не маюць вялікага выбару. У Польшчы найбольшы патэнцыял на ўсходнім флангу. І вядома, не дай Бог, дойдзе да нейкага канфлікту, то ў першую чаргу будзе выкарыстаны менавіта польскі патэнцыял. І калі ЗША імкнуцца стрымаць прасоўванне Расеі на Захад, ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, то Польшча мусіць адыгрываць вызначальную ролю».

ВІДЭА
Лукашэнка дамаўляецца з NATO
2019.12.02 08:03

Тым часам, Расея ўжо распачала прапагандысцкую кампанію супраць вучэнняў «Абаронца Еўропы» і нават выкарыстала цяжкую артылерыю інфармацыйнай вайны – свайго міністра замежных справаў Сяргея Лаўрова, які публічна назваў вучэнні «абсалютна неапраўданымі» ды «натаўскай пагрозай нацыянальнай бяспецы». Да таго ж і нямецкія левыя актыўна выступаюць супраць вучэнняў, называючы іх «правакацыяй супраць Расеі».

Працягвае Рамуальд Шарамецьеў:

«Гэтая расейская рыторыка знаёмая нам даўно – яны заўжды гэтак кажуць. Нібыта ўсе на іх хочуць напасці. Бо Расея настолькі важная і каштоўная, што ўсе проста мараць піць гарэлку «Сталічную» на Вараб’ёвых гарах. Але праўда ў тым, што Расея сама ўжо доўгі час ладзіць буйнамаштабныя вучэнні, у якіх удзельнічаюць больш за 100 тысячаў чалавек. І мы ж не крычым, што яны не маюць права на гэтыя манеўры.

Летась Расея сама правяла вучэнні «Цэнтр-2019», у якіх бралі ўдзел прыблізна 130 тысяч вайскоўцаў і больш як 20 тысячаў адзінак тэхнікі. А сёлета плануюцца стратэгічныя камандна-штабныя вучэнні «Каўказ-2020» з удзелам Чарнаморскага флоту – і цалкам магчыма, што будзе задзеяная тэрыторыя акупаванага Крыму.

Каментуе Бэн Годжэз, генерал-лейтэнант арміі ЗША ў адстаўцы:

«Паміж нашымі ды расейскімі вучэннямі ёсць вялікая розніца. І яна – у празрыстасці. Мы ўжо некалькі месяцаў гаворым пра гэтыя вучэнні. Там паўсюль будуць журналісты, людзі змогуць бачыць, што адбываецца. У той жа час вучэнні расейскай арміі ніколі не бываюць празрыстыя. Яны паказваюць толькі маленькую частку таго, што праводзяць, даюць неабходны мінімум паведамленняў, абыходзяць міжнародныя дамовы аб вучэннях».

ВІДЭА
Генерал-лейтэнант ЗША у адстаўцы Бэн Годжэз: «Гэта не час для Беларусі, каб расслабіцца»
2020.01.21 16:43

Яшчэ адзін феномен расейскамоўных медыяў – яны называюць «Абаронца Еўропы» вучэннямі NATO, хоць гэта абсалютна не так, бо ў манеўрах пад кіраўніцтвам ЗША ўдзельнічаюць не толькі краіны – чальцы Альянсу. Гэтак выказваўся і Аляксандр Лукашэнка, які нават падчас саміту СНД у Ашгабаце летась увосень загадваў падрыхтаваць адказ на «незразумелыя вучэнні».

Працягвае Бэн Годжэз:

«Выказванні Менску цяпер ужо не настолькі рэзкія, як раней. Пагатоў там нядаўна быў дзяржсакратар Пампэа, і падчас перамоваў дакладна ішла гаворка пра вучэнні. І вядома, кіраўнік суверэннай дзяржавы мусіць мець справу з дыпламатычнымі рэаліямі. Мяне не насцярожвае рыторыка афіцыйнага Менску. ЗША разам з калегамі ў Беларусі цяпер працуюць над нармалізацыяй беларуска-амерыканскіх стасункаў».

ВІДЭА
Мэсідж Трампа для Лукашэнкі
2020.02.01 12:37

Адна рэч – прапаганда, а зусім іншае – рэальная ацэнка пагрозаў. Такое халоднае стаўленне цяпер вельмі дарэчы, бо ўсё больш відавочна, што Расея не купіць алармісцкай рыторыкі ўладаў Беларусі, бо і сама не ўспрымае вучэнняў «Абаронца Еўропы» як рэальную пагрозу – мяркуе кіраўнік Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі:

«Як мінімум з 2015 года Расея не разглядае Беларусь як свайго стоадсоткавага хаўрусніка. І таму цяпер гарантуе сваю бяспеку ў аднабаковым рэжыме, разглядаючы Беларусь толькі як пэўны плацдарм – тэрыторыю для разгортвання ўласных войскаў. Таксама ў аднабаковым рэжыме».

Выходзіць, што Лукашэнка застаецца без свайго галоўнага козыра ў перамовах з Расеяй, які раней не раз ратаваў сітуацыю, – супрацы ў сферы бяспекі. Таму як рыторыка, гэтак і паводзіны афіцыйнага Менску будуць усё больш скіроўвацца ў рэчышча падтрымання міру і стабільнасці ў рэгіёне. Не найгоршы варыянт.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 07.02.2020:

 

 

Стужка навінаў