Лукашэнка пра «Захад-2017»: Нападаць ні на каго не збіраемся, але будзем вучыць ваяваць. На ўсялякі выпадак


На адмысловай нарадзе з кіраўніцтвам сілавых структураў Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вучэнні «Захад-2017» не накіраваныя на тое, каб на кагосьці нападаць. Ён адзначыў, што запрошаныя замежныя назіральнікі змогуць самыя ў гэтым пераканацца.

«Хопіць апраўдвацца – абарончы характар ​​нашы вучэнні маюць, яшчэ нешта. Ёсць армія, ёсць сумесная групоўка… Беларусі і Расеі на заходнім кірунку. А калі яна існуе (мы ні ад каго гэта не хавалі), мы яе будзем вучыць ваяваць. На ўсялякі выпадак», – заявіў Лукашэнка.

«Нападаць мы ні на каго не збіраемся А якія будуць гэтыя вучэнні – мы запрасілі практычна ўсіх жадаючых. Няхай прыязджаюць і глядзяць», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Для назірання запрошаны прадстаўнікі ваенна-дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Мінабароны Беларусі, а таксама прадстаўнікі міжнародных арганізацый, такіх як ААН, АБСЕ, НАТО, АДКБ, СНД, Міжнароднага камітэта чырвонага крыжа. Таксама маюць запрасіць назіральнікаў Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі, Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі.

Раней МЗС паведамляў, што Менск плануе выслаць каля 80 запрашэнняў замежным назіральнікам на вучэнні «Захад-2017», якія павінны прайсці з 14 па 20 верасня. Аляксандр Лукашэнка запрасіў на іх назіральнікаў НАТО яшчэ 20 сакавіка пасля выказанага недаверу наконт празрыстасці вучэнняў з боку дыпламатаў і чыноўнікаў суседніх краін.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў