Лукашэнка пра выбары: Вы павінны ўзяць галаву ў рукі і вызначыць, з кім далей будзеце жыць


Падчас прамовы на ўрачыстым сходзе да Дня незалежнасці Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму выбарчай кампаніі ў Беларусі. Сюжэт выйшаў у эфіры АНТ.

«Я ў гэтай прэзідэнцкай кампаніі не таму, што я, учапіўшыся, трымаюся за гэтае крэсла ссінелымі пальцамі. Я лепшыя гады свайго жыцця, як і многія з вас, аддаў будаўніцтву гэтай краіны. Як мог, так і будаваў. Як аказалася, не горш за іншых», – сказаў ён.

Лукашэнка дадаў, што мы жывем у бяспечнай, спакойнай краіне, іншыя дзяржавы нам зайздросцяць.

«А мы жывем і не разумеем, як гэта нам дасталася. Гэта зрабілі мы з вамі. Таму 9 жніўня без усялякай літасці: не трэба глядзець на Лукашэнку, што ён вось гэта наш, ён з намі быў. Літасць нам не саюзнік. Вы павінны, як у народзе кажуць, узяць галаву ў рукі, падумаць і вырашыць пытанне. Лукашэнкі прыходзяць і сыходзяць, будуць іншыя, ён не вечны. А жыццё на гэтым кавалку зямлі павінна працягвацца.

Таму адкіньце ўсе эмоцыі, сёння не да эмоцый, сёння іграюць на вашых і маіх эмоцыях, сёння выкарыстоўваюць так званыя новыя тэхналогіі: інтэрнэт і іншае. Мы павінны паказаць, што мы беларусы і мы добра разбіраемся ва ўсякіх хітраспляценнях інтэрнэтаўскіх. Мы павінны дастойна прайсці гэты перыяд. А вы без усялякага жалю павінны вызначыць, з кім вы далей будзеце жыць і як вы будзеце будаваць сваю суверэнную незалежную краіну для сваіх дзяцей», – заявіў Лукашэнка.

***

На сённяшні дзень дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты падалі 6 чалавек: Аляксандр Лукашэнка, Віктар Бабарыка, Ганна Канапацкая, Андрэй Дзмітрыеў, Валерый Цапкала, Сяргей Чэрачань. Усе, акрамя Цапкалы, здалі больш за 100 тысяч неабходных подпісаў. Пры гэтым выбарчыя камісіі па ўсёй краіне масава бракавалі подпісы за Цапкалу і Бабарыку. Выбары прэзідэнта ў Беларусі адбудуцца 9 жніўня.

КА belsat.eu

Стужка навінаў