Лукашэнка пра санкцыі: Мы мусім навучыцца супрацьстаяць гэтаму. Клінам свет на Еўразвязе не сышоўся


Пра гэта Лукашэнка заявіў, прымаючы з дакладам кіраўніка Нацыянальнага банку Паўла Калаура і свайго памочніка Валерыя Бельскага.

«Усякага роду санкцыйны ціск – вы павінны разумець, што гэта чыста палітычныя рэчы. Няма прычынаў, мы не заслужылі таго, каб супраць нас уводзілі санкцыі. Нас душылі і будуць душыць. Мы мусім навучыцца супрацьстаяць гэтаму. Гэта ўжо, напэўна, трэці ці чацвёрты этап у здушванні эканомікі і нашай дзяржаўнасці. Трэба глядзець на свет шырэй. Клінам свет на Еўразвязе не сышоўся», – цытуе Лукашэнку БелТА.

«Хоць і яны ж не дурні, разумеюць, што каля 3 тысяч прадпрыемстваў рознага роду функцыянуюць і завязаныя на Беларусь. І абвалу ў Беларусі ніхто не хоча, бо гэта пэўныя недахопы і праблемы ў самім ЕЗ. Таму трэба працаваць з усімі – і з еўрапейцамі, і з амерыканцамі. Але ёсць і азіяцкі рынак. Грошай сёння ў свеце мора. І тым больш нічым не забяспечаных, надрукаваных, укінутых і гэтак далей. Іх трэба неяк звязваць, усё ж гэта разумеюць», – заўважыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтай сувязі трэба працаваць і займацца прыцягненнем фінансавых рэсурсаў.

«Давайце адкрыта: эканоміка павінна развівацца. Ёсць эканоміка – ёсць банкаўская сістэма, ёсць банкі, гэтая сфера, і яна жывая. Калі эканомікі не будзе – не будзе банкаўскай сістэмы. І ў людзей не будзе грошай. Таму эканоміка перадусім, – дадаў Лукашэнка. – Без эканомікі не будзе ніякіх фінансаў. Зразумела, што павінен быць разумны баланс. Зразумела, што лёгкіх грошай даўно ўжо няма і не будзе. Гэта ўсё павінны выдатна разумець. Але, тым не менш, трэба адшукваць магчымасць крэдытавання рэальнага сектару эканомікі перадусім».

ІК, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў