Лукашэнка пра парад 9 траўня: «Тысячы і тысячы людзей хочуць, каб гэтае мерапрыемства прайшло»


Рэпетыцыя параду ў Менску 9 красавіка 2020 г.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Кіраўнік Беларусі не збіраецца адмяняць парад да Дня Перамогі, нягледзячы на эпідэмію каронавірусу. Пра гэта ён заявіў на нарадзе 3 траўня.

«Павінен сказаць, што мы не можам адмяніць парад. Проста не можам. Я доўга над гэтым думаў. Вядома, гэта эмацыйная, глыбока ідэалагічная рэч. Трэба памятаць, што тыя людзі (удзельнікі вайны – заўв.) паміралі, можа быць, і ад вірусаў, іншых хвароб. Але яны гэта не адчувалі часам і пра гэта не думалі, і паміралі яны дзеля нас, як бы гэта пафасна ні гучала.

І падумайце, што скажуць людзі. Можа, не адразу, праз дзень, праз два пасля гэтага, – скажуць, што спужаліся», – цытуе кіраўніка дзяржавы БелТА.

Адначасова ён папярэдзіў, што«нікога цягнуць на гэтае мерапрыемства не трэба»:

«Не хочуць людзі, баяцца, берагуць здароўе – мы гэта зразумеем. Дастаткова сёння жадаючых – тысячы і тысячы людзей хочуць, каб гэтае мерапрыемства прайшло».

Лукашэнка таксама сказаў, што некаторыя ветэраны нібыта жадаюць наведаць парад.

«Удзельнікаў вайны засталося зусім няшмат. Яны разумеюць, і мы павінны іх зберагчы. Хоць яны і першымі запатрабавалі, каб іх прывезлі на гэтае мерапрыемства. Зразумела, што ім ужо за 90. Падумаем, як з імі быць. Я прытрымліваюся сваёй тактыкі – старых трэба паберагчы. Мы ўсе бачым, што ўсе гэтыя інфекцыі перш за ўсё чапляюцца за старых, хоць хварэюць і маладыя. Таму нікога на гэта масавае мерапрыемства цягнуць не трэба», – працягнуў ён.

«У гэты дзень тут маглі б прысутнічаць прадстаўнікі ўсіх дзяржаў»

«Мяне вельмі хвалюе, што людзі не ўхваляць, калі мы, спалохаўшыся, разбрыдземся па норах. І наагул, Беларусь – гэта жывы помнік той вайны. І я думаю, што ў гэты дзень тут маглі б прысутнічаць прадстаўнікі ўсіх дзяржаў», – адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама распавёў, што асобныя расейскія дэпутаты і сенатары нібыта выказалі жаданне наведаць парад у Менску.

«Мы вітаем гэта. Няхай прыязджаюць. Калі трэба для гэтага вылучыць сродкі сувязі, мы забяспечым. У нас аэрапорт адкрыты. Думаю, мы з кіраўніцтвам Расеі дамовімся пра пералёт ахвотных пабываць у нас. Мы ад нашых сяброў і братоў не закрываем дзверы».

Масавае мерапрыемства, сцвярджае Лукашэнка «будзе арганізавана як мае быць», а людзей трэба «неяк разгрупаваць, каб не было навалы».

«Пра гэта мы пазней скажам. Можа быць, і з трыбуны гэтага параду»

ВІДЭА
Пуцін перанёс парад Перамогі. Гэта афіцыйна
2020.04.16 20:25

Беларусь застаецца адзінай у рэгіёне краінай, дзе не ўводзіліся каранцінныя абмежаванні падчас пандэміі каронавірусу. Па стане на 2 траўня зафіксавана 15 828 выпадкаў інфікавання, 97 чалавек памерлі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў