Лукашэнка пра парад 9 траўня: «Гэта ніяк не паўплывае на здароўе нашых людзей»

Аляксандр Лукашэнка падчас перамоваў з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам заявіў, што на парад 9 траўня ў Менску «нікога цягнуць і заганяць не будуць». Пра гэта піша БелТА.

Падчас размовы з Дадонам у фармаце відэаканферэнцыі абмяркоўваліся тры асноўныя тэмы: святкаванне 75-годдзя Перамогі, пандэмія, а таксама падрыхтоўка да пасяджэння Найвышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету.

«У нас няма падстаў адмяніць парад Перамогі. Перакананы, гэта ніяк не паўплывае на здароўе нашых людзей», – цытуе Лукашэнку БелТА.

Паводле кіраўніка Беларусі, акрамя параду да юбілею Перамогі запланаваныя мерапрыемствы ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых у Менску, дзе закладуць капсулы з зямлёй, прывезенай з розных дзяржаў, гарадоў-герояў.

Аляксандр Лукашэнка, 4 траўня. Фота – president.gov.by

«Мы вывучалі шмат варыянтаў. Але я прыйшоў пасля вывучэння ўсёй інфармацыі да такой высновы, што мы не можам адмяніць ні адно з гэтых мерапрыемстваў. Мы ніводнага мерапрыемства не адмяняем. Але, натуральна, з улікам абстаноўкі вельмі строга падыходзім да правядзення гэтых мерапрыемстваў. Нікога туды не цягнем і не заганяем. Я ўпэўнены, што і без таго, каб настойліва туды запрашаць, людзей будзе шмат», – адзначыў Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў, што, нягледзячы на тое, што ў Беларусі не ўведзены каранцін, «мы ўсё ж такі маем больш-менш нармальную абстаноўку».

«Таму калі вы дзесьці чытаеце, што Лукашэнка сышоў з розуму і не тое робіць, не слухайце і не чытайце. Мы не дурныя, каб станавіцца ў позу і дэманстраваць сваю крутасць. На здароўе людзей гэтага ніколі не зробіш. Вы мяне добра ведаеце, я на гэта ніколі б не пайшоў», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Нагадаем, учора Лукашэнка абвесціў, што не збіраецца адмяняць парад да Дня Перамогі, нягледзячы на эпідэмію каронавірусу.

Лукашэнка пра парад 9 траўня: «Тысячы і тысячы людзей хочуць, каб гэтае мерапрыемства прайшло»

ІІ belsat.eu

 

Hавiны