Лукашэнка пра нафтавыя перамовы: «Поўзаць на каленях не трэба»


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь больш за ўсіх пацярпела ад няякаснай расейскай нафты і перамовы аб кампенсацыі трэба весці «па-дзелавому». Пра гэта ён заявіў падчас наведвання ААТ «Нафтан», піша прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Не трэба крычаць, наступаць і іншае, але свае інтарэсы трэба захоўваць. Але поўзаць на каленях не трэба. Трэба садзіцца і па-дзелавому вырашаць», – падкрэсліў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што бачыць у СМІ інфармацыю пра тое, што шэраг міжнародных кампаніяў кажуць пра шкоду ад няякаснай расейскай нафты на суму да $ 800 млн.

«Але мы больш за ўсё пацярпелі. А нам кажуць: ну, што там, беларусы, – яны нічога не страцілі. Як так?! Таму трэба сачыць і глядзець, чаму яны, напрыклад, плацяць $ 800 млн шкоды, а мы больш за ўсіх пацярпелі, але $ 20 млн», – сказаў ён.

  • Скандал вакол паставак няякаснай нафты пачаўся 19 красавіка. У гэты дзень дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці нафты,што паступае па нафтаправодзе з Расеі. З улікам гэтага 21 красавіка канцэрн «Белнафтахім» прыняў рашэнне часова абмежаваць экспартныя пастаўкі нафтапрадуктаў. 22 красавіка Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод паведаміў, што расейская нафта кепскай якасці прывяла да выхаду са строю дарагога абсталявання. У адрозненні ад НПЗ у Мазыры, на «Нафтан» забруджаная нафта не трапіла паспелі, аднак праз недахоп сыравіны завод значна знізіў загрузку. Праз кепскую якасць нафты Польшча і Украіна адмовіліся прымаць яе і прыпынілі транзіт праз сваю тэрыторыю.
  • Паводле падлікаў расейскага выдання «Ведомости», агульная шкода Беларусі ад няякаснай расейскай нафты можа скласці ад $ 271,3 млн да $ 435,3 млн. У траўні Расея і Беларусь дамовіліся стварыць працоўную групу з 8 чалавек для ацэнкі стратаў ад забруджвання нафты ў нафтаправодзе «Дружба» і спосабаў кампенсацыі.
  • У Маскве заявілі, што Расея гатовая кампенсаваць страты, але толькі тым, хто зможа пераканаўчы даказаць іх. «Тэхнічныя спецыялісты павінны яшчэ вызначыць прычынна-выніковыя сувязі. Гэта такое пытанне, ад чаго зламаўся… ад гэтай нафты або ад натуральнага зносу», – сказаў віцэ-прэм’ер РФ Д. Козак.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў