Лукашэнка пра карупцыю: «Глядзіце, мужыкі. Лепш жабраком, але на свабодзе»


Аляксандр Лукашэнка нагадаў чыноўнікам аб «непазбежнай адказнасці за карупцыю». Пра гэта ён заявіў сёння на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны Беларусі, перадае БелТА.

«Запомніце – ад старшыні райвыканкама, скончваючы прэм’ер-міністрам, – гэта кадравы рэестр прэзідэнта. І ўсё, што з імі звязана, мне дакладваецца неадкладна па пытаннях карупцыі, крадзяжоў і іншых пытаннях. І літасці вы не чакайце!» – сказаў кіраўнік краіны.

«Ужо людзі стогнуць у некаторых раёнах. Справы няма, вынікаў няма, а ён пры людзях, пачынаючы ад лазні і скончваючы ўласным, і для дзяцей, і для сябе жыллём, указанні раздае», – выказаўся Лукашэнка.

«Глядзіце, мужыкі. Лепш жабраком, але на свабодзе. Чым багатым там (у месцах пазбаўлення волі, – заўвага). Усе на вачах у людзей. Не думайце, што складана вас вылічыць і ніхто ведаць не будзе», – дадаў ён.

Лукашэнка таксама запатрабаваў выкараніць пасярэдніцтва пры дзяржзакупках унутры краіны.

«Абнаглелі да крайняй ступені. Завозяць усё, што папала, – тое, што робіцца ў краіне і за што выплачаныя падаткі. Сваё ляжыць, гніе дзесьці, а мы ўсё вязем з-за мяжы.

«З пасярэднікамі трэба самым жорсткім чынам – не факты мне пералічваць, а зрабіць так, каб іх наагул не было.Толькі прамыя закупкі ад вытворцы!»

КА, belsat.eu

Стужка навінаў