Лукашэнка пра дзяржпрадпрыемствы: Не ведаю, як з такімі паказнікамі ўвогуле можна працаваць


3 снежня на нарадзе з кіраўнікамі Савета міністраў Лукашэнка абмеркаваў пытанні павышэння эфектыўнасці дзяржпрадпрыемстваў і заробку бюджэтнікаў.

Між іншым, Лукашэнку вельмі зацікавіла праца дражджавога камбінату ў Слуцкім раёне.

«З аднаго боку, вы ўнеслі праект выключна тэхнічнага рашэння пра павелічэнне статутнага фонду гэтага прадпрыемства. А з другога, пасля вывучэння дакументаў у мяне ўзнікла пытанне: ці не спроба гэта сысці ад вырашэння праблемы. У прадпрыемства рэнтабельнасць продажаў мінус 112%. Я не ведаю, як з такімі паказнікамі можна ўвогуле працаваць», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Таксама ён закрануў перспектывы развіцця «Сукна». Вытворчасць прадпрыемства вырашылі перанесці на свабодныя плошчы «Камволю», а яго тэрыторыю прадаць на аўкцыёне, каб разлічыцца з крэдыторамі.

«Да ўсяго ж аказалася, што і 25 % абсталявання можа выкарыстоўвацца ў інтарэсах і той, і іншай вытворчасці. Натуральна, гэта ўсё ў суме дае нядрэнны эканамічны эфект… Юрыдычная асоба і гандлёвая марка будуць захаваныя, але размяшчацца яны будуць на адной прамысловай пляцоўцы», – сказаў на нарадзе віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка.

Камвольны камбінат, які мадэрнізавалі цягам васьмі гадоў і ўклалі больш 100 мільёнаў еўраў, не першы год уваходзіць у топ 10 найбольш стратных беларускіх прадпрыемстваў.

 

ДР belsat.eu

Стужка навінаў