Лукашэнка плануе наведаць Аўстрыю ў лістападзе


Паводле крыніцаў «Белсату» ў Менску, кіраўнік краіны наведае Аўстрыю 12 лістапада. Паўнавартасны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Еўразвяз анансаваў сёння міністр замежных справаў Уладзімір Макей у часе форуму «Менскі дыялог».

Налета рыхтуецца таксама візіт кіраўніка Беларусі ў Латвію. Як заявіў у інтэрв’ю «Белсату» міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевічс, візіт Лукашэнкі да заходніх суседзяў зможа палепшыць стасункі Беларусі з Еўрапейскім звязам.

Аляксандр Лукашэнка выступае ва ўкраінскім Жытоміры, 4 кастрычніка 2019 году. Фота Pyotr Sivkov / TASS / Forum

У лютым 2016 года Еўрапейскі Звяз зняў асабістыя санкцыі з Аляксандра Лукашэнкі, але з заходніх краінаў цягам апошніх трох гадоў кіраўнік Беларусі наведаў з візітам толькі Ватыкан.

Лічыцца, што Аўстрыя згуляла ледзь не вырашальную ролю ў скасаванні санкцыяў супраць уладаў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

«Яны (Аўстрыя – заўв. belsat.eu) занялі прынцыповую пазіцыю, выказаліся за тое, каб спыніць гэты несправядлівы, неэфектыўны працэс, у якім Еўразвяз сам заграз. Я думаю, што пазіцыя Аўстрыі ў гэтым сэнсе стварыла новую якасць стасункаў. За пазіцыяй Аўстрыі стаяла меркаванне бізнес-супольнасці», – сцвярджаў у 2016 годзе тагачасны амбасадар Беларусі ў Аўстрыі Валер Варанецкі.

Пазней Лукашэнка таксама казаў пра «вялізарную ролю» Аўстрыі ў нармалізацыі стасункаў Беларусі і ЕЗ.

З любоўю да Вены

Кіраўнік Беларусі двойчы наведваў Аўстрыю. У красавіку 1996 года Лукашэнка ў Вене прымаў удзел у міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай чарнобыльскай катастрофе. Тады Лукашэнка яшчэ не лічыўся «апошнім дыктатарам Еўропы» і не быў пад заходнімі санкцыямі.

Амбасадарка Беларусі ў Аўстрыі Алена Купчына, былая намесніца міністра замежных справаў. Яна займае гэтую пасаду са снежня 2016 года. На фота – справа, злева ад яе – баранэса Эштан у часе візіту ў Менск у 2014 годзе. Фота Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

У сакавіку 2002 года Лукашэнка ўжо быў пад санкцыямі і не мог наведваць краінаў ЕЗ. Але тым не менш адпачыў на гарналыжным курорце ў аўстрыйскім Тыролі. Паездку ў абыход санкцыяў зарганізаваў уладальнік сеткі казіно «Casinos Austria» Леа Вальнэр, які ў той час узначальваў Нацыянальны алімпійскі камітэт Аўстрыі. Аўстрыйскія медыі высветлілі, што адпачынак Лукашэнкі з асобамі, якія яго суправаджалі, каштаваў амаль € 200 тыс. Гэтак, прыватны самалёт з Вены ў Інсбрук абышоўся ў € 30 тыс., пяцізоркавы гатэль «Klosterbräu» – у € 47 тыс. Акрамя таго, грошы пайшлі на вечарыну, гульні ў казіно, гарналыжны адпачынак, алкагольныя напоі, а таксама медычныя паслугі, бо падчас катання на лыжах Лукашэнка атрымаў траўму сцягна і верталётам паляцеў у шпіталь.

Праўда, плаціў за гэта прыймовы бок – усё той жа Леа Вальнэр. Разам з Лукашэнкам курорт наведалі ягоныя сыны Віктар і Дзмітрый, Ірына Абельская, Уладзімір Макей, Уладзімір Канаплёў ды іншыя.

Той адпачынак Лукашэнкі Леа Вальнэр аплаціў з сакрэтнага рахунку аўстрыйскага НАК у «Raiffeisenbankʼу» – гэтак званай чорнай касы. Вальнэр казаў, што дзеяў у інтарэсах аўстрыйскай эканомікі. Невядома, ці сапраўды звязаныя гэтыя факты, але пасля адпачынку Лукашэнкі ў Беларусь пачаў прыходзіць аўстрыйскі бізнес – у тым ліку і «Raiffeisenbank». Хаця ўласна бізнес Вальнэра – ягоная сетка казіно – у Беларусі не з’явіўся.

У 2012 годзе суд у Вене пакараў пяццю гадамі пазбаўлення волі былога генеральнага сакратара Алімпійскага камітэту Аўстрыі Гайнца Юнгвірта якраз у справе аб махінацыях з «чорнаю касай» у «Raiffeisenbankʼу». На судзе ў тым ліку фігуравала і аплата адпачынку Лукашэнкі. Юнгвірт лічыўся лабістам кіраўніка Беларусі, ён жа прымаў дэлегацыю на чале з Лукашэнкам. Што датычыць Вальнэра, то ён праходзіў у справе як сведка.

AA belsat.eu

Стужка навінаў