Лукашэнка пераможа Пуціна. Саюзная дзяржава буксуе

ВІДЭА

За два дні да сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Сочы Аляксандр Лукашэнка выступіў з, паводле некаторых новаабраных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, гістарычнаю прамовай. Па выніку выйшла паўтарэнне састарэлых тэзаў – тое, што мы чуем штораз, калі заходзіць гаворка пра сапраўдную інтэграцыю з Расеяй. З чым мы падыходзім да сустрэчы, якая можа аказацца самаю востраю пагрозай нашай незалежнасці?

Прамова перад старымі ды новаабранымі дэпутатамі пачалася з абяцання, што глабальных заяваў не будзе. Маўляў, пачакайце звароту да народу і парламенту. Але не мінула і некалькіх хвілінаў, як найгарачэйшая тэма – інтэграцыі, – відаць, выскачыла самая.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Запомніце! Я не пацан, які адпрацаваў 3–5 гадоў прэзідэнтам, мне было дастаткова – вось так. Я не хачу перакрэсліць усё тое, што зрабіў разам з вамі ды народам, стварыўшы незалежную, суверэнную дзяржаву, каб яе зараз укласці ў нейкую скрыню з крыжам наверсе і кудысьці выкінуць або камусьці перадаць?»

Але ўжо неўзабаве пасля абяцанняў не ўваходзіць «нават у склад братняе Расеі» прагучала іншае – спачуванне Уладзіміру Пуціну. Маўляў, таго атачылі асобы, настроеныя па-антыбеларуску. І што даўно б інтэграваліся, прынамсі эканамічна, але ўсцяж стаіць пытанне энерганосьбітаў. Менавіта гэтай тэме і будзе прысвечаная сочынская сустрэча.

Беларусь патрабуе ад Расеі памножыць яблыкі на апельсіны

Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Я мяркую, што аб газе ўсё ж могуць дамовіцца. У Расеі адначасова канфлікт і з Украінаю, і з Беларуссю аб газе. Канфлікт з дзвюма транзітавымі краінамі, праз якія газ і нафта ідуць у Еўразвяз, – гэта дрэнна».

У тыя ж хвіліны, пакуль Лукашэнка вагаўся паміж каштоўнасцямі незалежнасці ды энерганосьбітаў, перад федэральнымі медыямі прамаўляў расейскі прэм’ер. І заклікаў не баяцца яднання.

Дзмітрый Мядзведзеў, прэмʼер-міністр Расейскай Федэрацыі:

«Любая інтэграцыя, нагадаю наўпроставую юрыдычную праўду, гэта частковае змяншэнне суверэнітэту. Не трэба баяцца гэтага. Трэба прыняць мужныя рашэнні, якія дазволяць закласці моцны падмурак пад эканамічнае, сацыяльнае развіццё на гады наперад».

Год таму ў Берасці менавіта Мядзведзеў заявіў: кампенсацыя стратаў за гэтак званы падатковы манеўр і далейшыя субсідыі – толькі пасля глыбокай інтэграцыі. Але адмыслоўцы лічаць, што насамрэч гэта не быў ультыматум, гэта была магчымасць выбару.

Валерыя Касцюгова, палітолаг, экспертавая супольнасць «Наше мнение»:

«Ён тады ж у тым жа сказе прапанаваў кансерватыўны варыянт, то бок нічога не змяняць. І беларускі бок гэты кансерватыўны варыянт не выбраў. Крэмль у прынцыпе прапаноўваў пахаваць, ну, не пахаваць, а пакінуць у склепе гэтую Саюзную дзяржаву».

Але ў Менску нібы і не пачулі гэтай прапановы, не жадаючы адмаўляцца ад расейскага падтрымання. На гэтым фоне словы пра нежаданне аддаваць суверэнітэт сапраўды гучаць прынамсі дзіўна. Іншая справа, што і Масква ў гэтым саюзным тандэме не без граху. Бо праблема коштаў на газ, пра якую сёння ідзе гаворка, паводле ўсё той жа саюзнай дамовы проста не мае права існаваць.

«Мы выканалі сваю частку дамоўленасцяў. Мы насамрэч стварылі адзінае газатранспартавае прадпрыемства, прадаўшы «Белтрансгаз» і ўсю сістэму газаправодаў «Газпрому». Але мы ж ніколі не атрымалі кроку ў адказ – то бок роўных коштаў на газ. Ані разу!» – мяркуе Валерыя Касцюгова.

Таму патрабаванні Лукашэнкі пра гэтак званыя смаленскія кошты на газ – не ўзятыя са столі, як кажуць у Маскве. І таму, магчыма, яшчэ больш небяспечным за змест дасюль не адкрытых грамадскасці дакументаў можа аказацца тое, як гэтыя дамоўленасці будуць выконвацца. Але казаць пра тое, што паслязаўтра Беларусь сапраўды страціць незалежнасць, – вельмі заўчасна, мяркуюць нашыя эксперты.

Вольга Харламава, палітолаг:

«Гэта далёка не першага нават дзясятку сустрэча. Гэта не першы снежань – такі нервовы, вельмі спецыфічны, які трымае ў тонусе. Таму я ўпэўненая, што ніякіх прынцыповых зменаў сустрэча ў Сочы для незалежнасці Беларусі не нясе».

І нават грамадскія дзеячы, якія папярэджваюць пра самы чорны сцэнар інтэграцыі, падкрэсліваюць: нічога не страчана.

Ці хочуць расейцы інтэграцыі з Беларуссю?

Уладзімір Мацкевіч, філосаф, актывіст кампаніі «Свежы вецер»:

«Да рэферэндуму аб змене канстытуцыі ніякіх захадаў. Што б яны ні падпісалі 8-га – ніякіх захадаў на паглынанне Беларусі немагчыма, апроч вайсковай аперацыі, што малаверагодна. Таму ў нас ёсць план на гэтыя месяцы – да жніўня, бо, калі рэферэндум будзе, ён будзе спалучаны з выбарамі».

Тое, што змены ў канстытуцыю рыхтуюцца, кіраўнік Беларусі пацвердзіў і падчас сустрэчы з дэпутатамі, паабяцаўшы, што і яны ў гэтай працы будуць задзейнічаныя. Іншая справа, што пра планаваныя папраўкі ў галоўны закон краіны мы ведаем яшчэ менш, чымся пра дакументы, што чакаюць Лукашэнку і Пуціна ў Сочы. А пакуль зацятыя сябры не сустрэліся, варта памятаць.

«Чым часцей мы крычым «здрада!», чым часцей мы крычым «усё прапала!», тым менш эмацыйна людзі на гэта рэагуюць. І калі ўсё ж такі гэтае «ўсё прапала!» адбудзецца, мы атрымаем адсутнасць рэакцыі, якую самі справакавалі вось гэтымі бясконцымі «ўсё не так!», «усё прапала!» і «ўсё будзе кепска!», – кажа Вольга Харламава.

Сустрэча ў Сочы можа скончыцца перамогаю Лукашэнкі, які атрымае чарговы пакет падтрымання наўзамен часткі суверэнітэту. Магчыма, пераможа, у кароткай перспектыве, і айчынная эканоміка, якая так моцна залежыць ад расейскага падтрымання. Але любое пагадненне, на якое пагодзіцца Крэмль, пазбавіць нашую краіну гэтага запасу моцы, дзякуючы якому крычаць «усё прапала!» яшчэ рана.

Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 06.12.2019

Іншыя тэмы праграмы:

 

 

Глядзі таксама
Каментары