Лукашэнка перад расейскай амбразурай

Аляксандр
Класкоўскі

Беларускі афіцыйны лідэр – мастак пераводзіць стрэлкі. Перад адлётам у Сочы, дзе заўтра адбудзецца сустрэча з Уладзімірам Пуціным, Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з урадам. І – правільна думаеце – зрабіў міністраў крайнімі.

У кантэксце нафтагазавых цёрак з Масквой кіраўнік дзяржавы заявіў, што Саўміну «неабходна мець планы рэагавання на любы магчымы выклік, а не закрываць амбразуру целамі, калі ўжо пачаўся бой». А таксама паставіў умову:

«…Ні адзін жыхар Беларусі, ні адно прадпрыемства не павінны адчуць на сабе наступствы ад усякага роду манеўраў нашых партнёраў».

https://belsat.eu/news/lukashenka-prylyatseu-u-sochy-7-lyutaga-momant-istsiny-na-peramovah-z-putsinym/

А хто завёў у пастку?

Маецца на ўвазе перш за ўсё падатковы манеўр ў расейскай нафтавай галіне, з-за якога за мінулы год Беларусь ужо недалічылася, як паведаміў сёння прэм’ер-міністр Сяргей Румас, каля 330 млн долараў. Кампенсаваць ж наступствы гэтага манеўру Масква не хоча, пакуль не будуць выкананыя дарожныя мапы «паглыблення інтэграцыі». А на яе кіраўнік Беларусі ісці не жадае, баючыся страціць уладу над краінай. Вось такі гордзіеў вузел.

Завязаўся ж ён, калі глядзець у корань, праз тое, што сам Лукашэнка на дасвецці прэзідэнцтва, у 1990-х, вырашыў ўхапіць бога за бараду, прыладкаваўшыся да танных расейскіх рэсурсаў. Наўзамен былі паабяцаныя братэрская любоў і гатоўнасць легчы пад танкі НАТО.

І пакуль суседзі пакутавалі на рынкавыя рэформы, «беларускі эканамічны цуд» квітнеў і пах за кошт маскоўскіх субсідый. Але потым Крэмль вырашыў, што даўгі трэба вяртаць. І выцягнуў з пыльнай інтэграцыйнай каморы з азартам падпісаную Лукашэнкам у 1999-м саюзную дамову, у якой – і адзіная валюта, і наднацыянальныя органы, і іншыя цуды, смяротна небяспечныя для беларускага суверэнітэту.

Дзеля змушэння да «паглыбленай інтэграцыі» Крэмль рэзка прыкруціў кранік субсідый. І беларускай эканоміцы, што падсела на расейскую іголку, адразу зрабілася нядобра. З-за спрэчак аб цане на нафту НПЗ у Наваполацку і Мазыры апынуліся цяпер на галодным пайку. Ліхаманкавыя пошукі альтэрнатывы пакуль матэрыялізаваліся толькі ў адным танкеры нарвежскай нафты – гэта наваполацкаму «Нафтану» на некалькі дзён працы.

Пакуль гром не грымне …

А гэта ж не першы энергетычны канфлікт з Расеяй. І ў свой час Менск спрабаваў наладзіць альтэрнатыву – браць нафту ў Венесуэле, Азербайджане, Іране. Але як толькі з Масквой замірыліся, альтэрнатыве прыйшоў гамон. Хоць, ведаючы яе візантыйскі нораў (пра які Лукашэнка на днях заявіў адкрытым тэкстам), можна было чакаць новых сюрпрызаў такога роду. Але ж прасцей сядзець роўненька на пятай кропцы, цешачы сябе ілюзіяй, што а раптам ласка назаўжды.

Цяпер жа, калі смажаны певень дзеўбануў, афіцыйны лідэр патрабуе ад міністраў накарміць народ пяццю хлябамі і дзвюма рыбінамі. Небарака Румас у выніку можа стаць крайнім, галавой адказаць за наступствы шматгадовых гульняў у «братнюю інтэграцыю».

На цяперашняй пасадзе ён ужо і так сапсаваў сваю рэпутацыю рыначніка. Але перш за ўсё таму, што ўраду ўвесь час звязвае рукі прэзідэнт, для якога «рэформы» – слова лаянкавае. Тым часам як рэформы, пачніся яны, скажам, у сытыя нулявыя гады, калі Беларусь дэ-факта была нафтавым афшорам, на сёння маглі б зрабіць яе эканоміку куды менш залежнай ад расейскіх энергарэсурсаў.

«Дарожныя мапы» нікуды не дзеліся

Але і ў Сочы Лукашэнка паляцеў, мяркуючы па яго нядаўніх словах, з надзеяй, што расейскія дзеячы «адумаюцца і вернуцца да нармальных стасункаў». Такой ідыліі, вядома, не будзе, аднак нейкі хісткі кампраміс паміж двума правадырамі магчымы. Пуціну ж не з рукі губляць апошняга саюзніка, хай і слізкага, так што не выключаны сімвалічныя зніжкі на энергарэсурсы.

У любым выпадку расейская нафта пакуль выглядае самым танным варыянтам. І калі атрымаецца з грахом напалам вырашыць праблему яе паставак на гэты год ды яшчэ атрымаць больш-менш памяркоўную цану на газ, то баюся, як бы не махнуў рукой галоўны беларускі начальнік на ўсе альтэрнатывы. Лукашэнка – віртуоз манеўру, хітры тактык, майстар нешта выдрапваць, але даўгачасная стратэгія, звязаная з рызыкай для любоўна адбудаванай сістэмы, – не ягоны канёк.

А гэта значыць, што з вялікай верагоднасцю праз нейкі час і сам правадыр, і ў асноўным пакорлівая яму краіна апынуцца перад той жа маскоўскай амбразурай. Таму што дарожныя карты «паглыблення інтэграцыі» Крэмль трымае напагатове.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

І Пуцін, і Лукашэнка пайшлі шляхам Брэжнева

Аляксандр Класкоўскі/АА, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Глядзі таксама