Лукашэнка павысіў Карпянкова, а з сілавікоў зрабіў дыпламатаў

Мікалай Карпянкоў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года. Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Аляксандр Лукашэнка падчас кадравага чацвярга не абмежаваўся Міністэрствам культуры і зрабіў перастаноўкі сілавікоў, паведамілі ў ягонай прэс-службе.

Генерал-маёр Юрый Назарэнка прызначаны на пасаду першага намесніка міністра ўнутраных справаў – начальніка міліцыі грамадскай бяспекі. Раней ён займаў пасаду намесніка міністра ўнутраных спраў – камандуючага ўнутранымі войскамі.

Мікалай Карпянкоў, які ўзначальваў ГУБАЗіК, цяпер прызначаны намеснікам міністра ўнутраных спраў, ён будзе камандаваць унутранымі войскамі.

«Апошняя апора ўладаў». Як ГУБАЗіК пераўтварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу

З лютага 2020 года пасаду першага намесніка кіраўніка МУС займаў Генадзь Казакевіч. Цяпер ён проста намеснік міністра, які застаецца начальнікам крымінальнай міліцыі.

Сілавікі атрымалі новыя пасады

Лукашэнка таксама знайшоў месцы для былых сілавікоў. Кіраваць беларускай дыпмісіяй у Кітаі стане старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Юрый Сянько. Былы міністр абароны і дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Андрэй Раўкоў стаў амбасадарам у Азербайджане, а экс-генпракурор Аляксандр Канюк будзе прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў Арменіі.

Генерал Раўкоў і кагнітыўны дысананс

Начальнік Галоўнага дамоўна-прававога ўпраўлення МЗС Андрэй Мяцеліца прызначаны амбасадарам Беларусі ў Пакістане. Намеснік дырэктара Дэпартамента вонкаваэканамічнай дзейнасці МЗС Павел Узяткін узначаліць беларускую амбасаду ў Кеніі, а таксама ў Танзаніі, Угандзе і Эфіопіі па сумяшчальніцтве. Акрамя таго, ён будзе Пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Афрыканскім звязе, Праграме ААН па навакольным асяроддзі і Праграме ААН па населеных пунктах.

Апроч таго, Лукашэнка прызначыў Алену Кухарэвіч першым намеснікам старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Дагэтуль яна займала пасаду намесніка старшыні Белстату. На яе месца прызначаная Наталля Тарасюк, якая ўзначальвала Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Менску.

МГ belsat.eu

Hавiны