Лукашэнка павіншаваў з Днём Перамогі Зяленскага і Парашэнку


Аляксандр Лукашэнка з нагоды 74-й гадавіны Перамогі звярнуўся да грамадзянаў Беларусі, а таксама накіраваў віншаванні замежным лідарам. Сярод іх, акрамя Уладзіміра Пуціна, дзейны прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка і новаабраны – Уладзімір Зяленскі.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, Лукашэнка даслаў віншаванні лідарам Арменіі, Грузіі, Азербайджану, Кыргызстану ды іншым, а таксама шэрагу «бачных дзеячаў» і кіраўнікам інтэграцыйных аб’яднанняў.

Звяртаючыся да беларусаў, ён адзначыў:

«Дзявятае траўня – святая дата для кожнага беларуса. Дзень, які вярнуў нашаму народу права на жыццё і надзею на будучыню. Мы паважаем гераізм і бясстрашнасць абаронцаў Айчыны, якія верылі ў перамогу, мужна змагаліся за Радзіму. Высока цэнім самаадданасць працаўнікоў тылу і ўсіх, хто ў пасляваенныя гады ўздымаў з руін разбураныя гарады і вёскі. Вялікая Перамога абʼядноўвае пакаленні, служыць прыкладам стойкасці і патрыятызму для моладзі, натхняе на стварэнне».

Паводле словаў Лукашэнкі, «захаваць памяць аб подзвігу нашага народа – гістарычны абавязак перад мінулым і будучыняй».

8 траўня 1945 году адбылася капітуляцыя нацысцкай Нямеччыны ў Другой сусветнай вайне. На постсавецкай прасторы Дзень перамогі адзначаецца 9 траўня, бо, паводле маскоўскага часу, акт аб безумоўнай капітуляцыі набыў моц ад 00:01 9 траўня 1945 году. Другая сусветная вайна цалкам завяршылася 2 верасня з капітуляцыяй Японіі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў