Лукашэнка пацісне руку апошняму прадпрымальніку ў 2016-м?


Менавіта такі вынік на практыцы даў прэзідэнцкі ўказ № 222. Замест рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці – яе фактычнае знішчэнне. Пустыя рынкі ды гандлёвыя цэнтры па ўсёй краіне сталі нормаю ўжо на пачатку новага года.

«Мы канстатуем, што 90 % рынкаў амаль не працуюць. Гэта прадпрымальнікі, якія прыпынілі сваю дзейнасць праз немагчымасць законна працаваць», – зазначае Анатоль Шумчанка, абʼяднанне «Перспектыва».

Кіраўнік аб’яднання «Перспектыва», якое займаецца праблемамі ІП, запэўнівае – без сродкаў да існавання засталіся прыблізна 500 тысячаў асобаў (калі лічыць сем’і прадпрымальнікаў ды асобаў, з імі звязаных). Гэты факт патрабуе неадкладнай рэакцыі з боку ўладаў, лічыць Анатоль Шумчанка.

«Трэба гэтую сітуацыю развязваць, таму прынялі заяву. Мы заклікалі ўлады ісці шляхам розуму ды выслухаць прадпрымальнікаў», – дадае Анатоль Шумчанка.

Ці крызісу ІП можна было пазбегнуць? Тэкст заявы адкрыта называе вінаватых калапсу раздробнага гандлю.

Гэткія падзеі адбыліся праз нядбайнасць чынавецтва, якое не надала сітуацыі належнай увагі ды праігнаравала шматлікія прапановы прадпрымальніцкага руху.

Яшчэ за некалькі месяцаў да пачатку дзеяння ўказу № 222 дробныя бізнесоўцы неаднойчы заяўлялі, што з новага года не здолеюць працаваць паводле новых нормаў. Прэзідэнцкі дакумент прадугледжвае абавязковую наяўнасць суправаджальных дакументаў і сертыфікатаў якасці на прадукцыю лёгкай прамысловасці з краінаў Мытнага саюзу. Прадпрымальнікі ж цвердзяць, што атрымаць такія паперы ў аптавікоў папросту немагчыма.

«Рэалія жыцця такія, што з розных прычынаў (напрыклад, адсутнасць супольнай мяжы з Расейскаю Федэрацыяй, дзе дзеяць абсалютна іншыя эканамічныя законы) парадак у гэтай частцы дзейнасці навесці пакуль немагчыма», – распавядае Віктар Маргелаў, «Сталічны саюз прадпрымальнікаў.

Ці гэтым разам улада прыслухаецца да голасу людзей і што будзе, калі праігнаруе заяву?

«Простых рашэнняў няма. Цягам дзвюх хвілінаў цяжка сказаць, што трэба рабіць. Але галоўная ідэя: трэба аб’ядноўвацца», – мяркуе Віктар Маргелаў.

Немалаважна і тое, як крызіс адаб’ецца і на пакупніках. Дагэтуль рынкі былі месцам, дзе можна было набываць таней.

«Як жа без рынкаў? Не ўсе ж могуць сабе дазволіць дарагія прадукты ў крамах», – абураецца дзяўчына.

«Мне сертыфікат не патрэбны. Калі я іду і набываю ў прадпрымальніка – я раблю свой выбар. Калі мне будзе патрэбны дакумент, я пайду ў краму», – дадае жанчына.

«Мы не бачым тавараў, якія нам патрэбныя. Няхай яны адновяць сваю дзейнасць», – падсумоўвае міначка.

А гэта залежыць цяпер выключна ад улады. Калі кампрамісу не знойдуць, ІП у Беларусі могуць знікнуць як клас.

Ян Бабіцкі, Белсат

Стужка навінаў