Лукашэнка: Пасля параду мы атрымалі зніжэнне колькасці пнеўманіяў

Аляксандр Лукашэнка падчас нарады са сваёй Адміністрацыяй і чальцамі ўраду заявіў, што ў Беларусі зафіксавана зніжэнне колькасці захворванняў на пнеўманію. У сюжэце АНТ Лукашэнка таксама пракаментаваў парад, які адбыўся 9 траўня.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што росту выпадкаў захворвання пасля правядзення параду не зафіксавана.

«Людзі знаходзяцца на паветры, гэта не горш, чым яны там недзе будуць зачыненыя. Гэта і вайсковыя людзі былі, і якія перахварэлі… Але ўсё-ткі ў душы, у сэрцы неяк насцярожанасць была.

Ну і што мы атрымалі? У Менску значнае зніжэнне пнеўманіяў – учора ў два разы. І я ўчора, перахрысціўся: дай Бог, каб мы і далей так па пнеўманіях пайшлі. У тым плане, што мы шпіталізавалі і выпісалі – і ў нас у мінус пайшло, і не толькі ў Менску – атрымалі дадатковае ложка-месца на ўсялякі выпадак для тых, хто захварэў», – сказаў Лукашэнка.

Адзін з галоўных сімптомаў каронавірусу – кашаль, які прыводзіць да пнеўманіі.

У Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць зафіксаваных выпадкаў інфікавання COVID-19 дасягнула 24 873, з іх памерлі 142 чалавекі.

Новыя лічбы Мінздароўя: 24 873 інфікаваных, 967 новых выпадкаў за содні

КА belsat.eu

Hавiны