Лукашэнка пашырыў тэрыторыю «бязвізу»


Бязвізавыя зоны ў Берасці і Горадні аб’ядноўваюцца ў адну бязвізавую тэрыторыю «Берасце – Горадня». У яе ўключаць яшчэ пяць раёнаў Гарадзенскай вобласці: Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Лідскі і Шчучынскі.

Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 7 жніўня.

У бявізавай зоне тэрмін знаходжання замежных турыстаў павялічваецца да 15 содняў (гэта датычыць грамадзянаў 73 дзяржаў). Акрамя таго, будзе забяспечана магчымасць уезду яшчэ праз два дадатковыя пункты пропуску на дзяржаўнай граніцы («Беняконі» і «Бераставіца»).

Цяпер замежнікі змогуць перамяшчацца па ўсёй тэрыторыі заходніх вобласцяў Беларусі, але толькі ў складзе арганізаваных турыстычных груп па маршрутах, што прадугледжваюць наведванне бязвізавай тэрыторыі «Берасце-Горадня».

Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання.

КА belsat.eu

Стужка навінаў