Лукашэнка Пашыньяну: Плаціце за рэвалюцыю. Канфлікт у клубе аматараў Пуціна


Вораг майго сябра – мой вораг. Выслоўе, вядомае з даўняга часу, – але не Аляксандру Лукашэнку. Кіраўнік Беларусі адкрыта раскрытыкаваў кіраўніка Арменіі Нікола Пашыньяна. І зрабіў ён гэта падчас размовы з амбасадарам Азербайджану, які ў канфлікце з Ерэванам. Ці варта нагадваць, што Арменія партнёр Беларусі ў АДКБ і ЕўрАзЭС? Бадай, кіраўніку Беларусі прыгадаць варта. Ці лідар армянскай рэвалюцыі, а цяпер выканаўца абавязкаў кіраўніка ўраду, знайшоў сваё месца ў клубе аўтарытарных лідараў?

«Віншую цябе з абраннем прэм’ерам і, самае галоўнае, з заканчэннем усіх гэтых баталіяў», – гэтак казаў Аляксандр Лукашэнка паўгода таму Ніколу Пашыньяну.

Але відавочна, што цяпер дачыненні кіраўнікоў Беларусі ды Арменіі цяжка назваць сяброўскімі. Падчас размовы з паслом Азербайджану Латыфам Гандылавым Лукашэнка выказаў сумневы адносна эфектыўнасці новага армянскага ўраду.

«Яны ачольваюць сёння ЕўрАзЭС, наш эканамічны саюз, і АДКБ. Надта вялікі цяжар для краіны ў пераходным перыядзе. І ці дасць рады Арменія?», – запытваўся Лукашэнка.

Гаворка ідзе аб прызначэнні новага генсека АДКБ. Два тыдні таму гэтае пасады пазбавіўся прадстаўнік Арменіі Юрый Хачатураў, супраць якога на радзіме распачалі крымінальную справу. На вакантнае месца прэтэндуе Беларусь, хоць фармальна Арменія мае права захаваць пасаду да 2020 года.

«Безумоўна, паводзіны Лукашэнкі можна назваць падвойнаю нетактоўнасцю. Па-першае, ён абмяркоўвае ўнутраныя справы адной структуры і фактычна адной дзяржавы – гэта АДКБ і Арменіі – з амбасадарам іншай дзяржавы, якая не ўваходзіць у гэтую структуру АДКБ», – кажа палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

А па-другое, з краінай, якая фактычна ў стане вайны з Арменіяй з-за спрэчкі вакол Нагорнага Карабаху. Шчырыя размовы з ворагамі партнёра Беларусі ў АДКБ – выпадковасць ці наўмысныя дзеянні?

«Я ўспрымаю гэта як шпільку ў бок Арменіі ды жаданне паказаць – маўляў, калі вы там заняліся рэвалюцыямі і цяпер адклікаеце свайго прадстаўніка, то вось плаціце за гэта», – працягвае Цыганкоў.

Тым больш, што гаворка пра дэ-факта сімвалічную пасаду. Цягам чатырнаццаці гадоў яе займаў расеец Мікалай Бардзюжа. Летась сябры АДКБ вырашылі, што генсек будзе абірацца кожныя тры гады з розных краін-удзельніцаў паводле алфавіту. Аднак на меркаванне экспертаў, гэтая змена не памяняла сутнасці арганізацыі.

«АДКБ – такая структура, дзе няма роўнасці сярод чальцоў. Ні роўнасці паводле маштабаў, ні роўнасці паводле палітычнага значэння, і дзе іншыя чальцы гэтага клубу баяцца самага галоўнага чальца, то бок Расеі», – дадае Віталь Цыганкоў.

У склад АДКБ акрамя Расеі, Арменіі ды Беларусі ўваходзяць Казахстан, Таджыкістан і Кыргызстан. Аднак дамінуе ў гэтым блоку бясспрэчна Расея, а дакладней, яе кіраўнік.

«Яго можна назваць як заўгодна – яго можна назваць клубам аматараў Пуціна, або клубам добрых намераў – як заўгодна, толькі не вайсковым саюзам», – лічыць эксперт Армянскага інстытуту міжнародных дачыненняў і бяспекі Рубэн Мэграб’ян.

Адрозна ад Паўночна-Атлантычнага альянсу, АДКБ не мае аналагу 5-га артыкулу. А гэта значыць, што ў выпадку нападу на аднаго з чальцоў арганізацыі іншыя не мусяць рэагаваць і бараніць. Больш за тое, чальцы АДКБ прадаюць зброю ворагам сваіх партнёраў.

«У прыватнасці, гэта і продаж Расеяй зброі Азербайджану, што складае 80 % усяго ўзбраення Азербайджану. Гэта таксама і невялічкі гандаль зброяй іншых нашых партнёраў з АДКБ – сярод іншых, і Беларусі», – адзначае Рубэн Мэграб’ян.

Сёлета Беларусь прадала Азербайджану рэактыўную сістэму залпавага агню «Паланез», далёкасць якой складае 300 кіламетраў. Баку атрымаў перавагу перад Ерэванам. Такім чынам краіны АДКБ замест развязання канфлікту распальваюць яго яшчэ больш.

«Такая вось салідарная пазіцыя супрацьдзеяння Арменіі з боку аўтарытарных кіраўнікоў, натуральна, у Ерэване выклікае, мякка кажучы, здзіўленне, калі не сказаць проста – абурэнне», – дадае Мэграб’ян.

Менавіта таму, на меркаванне эксперта, захаваць пасаду генеральнага сакратара АДКБ для Арменіі цяпер пытанне прынцыпу. Пастанова можа быць прынятая 6 снежня на сустрэчы ў Санкт-Пецярбурзе.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Глядзі таксама
Каментары