Лукашэнка – Пашыньян. Несумяшчальныя групы крыві




Аляксандр Лукашэнка цягам васьмі гадоў кіравання экс-прэзідэнта Арменіі Сэржа Саргсьяна, паспеў калі не пасябраваць, то, прынамсі, прызвычаіцца да свайго хаўрусніка ў расейскіх інтэграцыйных аб’яднаннях. Як раптам: рэвалюцыя, адстаўка, пасля няўдалай канстытуцыйнай рэформы і прыходзіцца мець дачыненні з маладым вулічным лідарам.

«У палітычных адносінах – гэта несумяшчальныя групы крыві, калі можна так сказаць. Там мы бачым такія кондавыя постсаўкі, у якіх сваё светаадчуванне, свае погляды на жыццё, і тут Пашыньян, які паводле іхных паняццяў – асоба з вуліцы, што для іх проста – маветон», – каментуе Рубэн Мэграб’ян, палітолаг, Армянскі інстытут міжнародных адносінаў і бяспекі.

І, магчыма, таму беларускі лідар дазваляе сабе такія каментары ў размове з паслом Азербайджану. Краіны, з якой хаўруснік Беларусі па АДКБ знаходзіцца ў стане фактычнай вайны. Што не замінае Менску прадаваць Баку сваё найноўшае ўзбраенне, накшталт ракетных комплексаў «Паланэз».

«Пашыньян павінен проста ва ўрадзе разабрацца з сітуацыяй, бо яны зараз узначальваюць ЕАЭС – наш эканамічны саюз і АДКБ. Вельмі вялікая нагрузка на краіну, якая знаходзіцца ў такім пераходным перыядзе, і ці дасі рады Арменія?», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Не паспелі ў Ерэване абурыцца, як і Нурсултан Назарбаеў заявіў, маўляў нядрэнна было бы старшынства ў АДКБ перадаць Беларусі. Фармальна праз тое, што ўжо былога генеральнага сакратара Юрыя Хачатурава на радзіме вінавацяць у звяржэнні канстытуцыйнага ладу – 10 гадоў таму ён задушыў выступы апазіцыі.

«Мы проста чалавека ікс, мяняем на чалавека ігрэк, аказваецца гэта нельга. Чаму нельга – гэтага нам не патлумачылі, і на першы план чамусьці выйшла Беларусь», – кажа Рубэн Мэграб’ян.

Таму ў чацвер на самітах СНД і ЕАЭС у Пецярбургу чакалася публічнае сутыкненне Лукашэнкі і Пашыньяна. Без скандалу сапраўды не абышлося. Уладзімір Пуцін спрабаваў растлумачыць свайму беларускаму калегу прынцыпы фармавання коштаў на газ, але той адразу пайшоў з козыраў. Вось як выглядаў іхны дыялог:

Аляксандр Лукашэнка:

«Быццам ваявалі з Нямеччынай усе разам, а нашыя людзі, якія яшчэ не памерлі пасля вайны, маюць такую ​​сітуацыю. Яны 200 маюць долараў, а мы – 130, бо туды яшчэ тры тысячы кіламетраў пампаваць трэба ».

Уладзімір Пуцін: «Тааак….».

Аляксандр Лукашэнка: «Таму ў іх і кошт такі».

Уладзімір Пуцін: «Так, так, але калі б быў рынкавы для Беларусі, то ён быў бы каля 200, а не 127, але давайце падыскутуем пазней у закрытым рэжыме».

Аляксандр Лукашэнка: «Добра!»

Уладзімір Пуцін: «Дзякуй вялікі».

Што адбывалася ў гэтым закрытым рэжыме, мы, натуральна, не ведаем, але ведаем, што ў Маскве такія заявы выклікаюць толькі стомленае раздражненне.

«Лідары постсавецкіх дзяржаваў, атрымаўшы ў свае рукі стоадсоткавы суверэнітэт, з вельмі вялікай неахвотай яго аддаюць, і любая перадача суверэнітэту, нават мэтазгодная і разумная, – у агульную скарбонку, якая толькі павышае агульную эфектыўнасць, тым не менш выклікае ў іх такія зайздросныя пачуцці», – лічыць намеснік кіраўніка Інстытуту краінаў СНД Уладзімір Жарыхін.

Падаецца – якая тут ужо Арменія і пытанне АДКБ, але ў выніку канфлікт вырашыўся. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся:

«Прыйшлося прасіць прабачэння потым перад гаспадаром сённяшняй сустрэчы».

І пасля выбачэнняў Лукашэнка заявіў пра тое, што пытанне прызначэння беларускага генеральнага сакратара АДКБ ужо вырашылі. Ерэвану спатрэбілася некалькі гадзінаў на тое, каб абвергнуць гэтую інфармацыю. Пры гэтым лідар усіх інтэграцыйных працэсаў маўчыць.

«Яны быццам пазіцыянуюць сябе над сутычкай, але мы разумеем, што Расея ў дадзеным выпадку з’яўляецца проста лялькаводам гэтага ўсяго, яна проста хоча Пашыньяну паказаць на месца», – тлумачыць Рубэн Мэграб’ян.

Магчыма і канфлікт Ерэвану і Менску будуецца не на асабістай непрыязнасці.

«Тая рэвалюцыя адбылася выключна таму, што Расея не ўмяшалася і па сутнасці падтрымала Пашыньяна. Расея нічога не зрабіла дзеля таго, каб падтрымаць Саргсьяна. І магчыма, гэты факт не столькі раздражняе, колькі палохае лідараў Беларусі і Казахстану», – адзначае дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі.

Шмат хто з назіральнікаў адразу пасля перамогі аксамітнай рэвалюцыі называлі Пашыньяна і ягоных прыхільнікаў праеўрапейскімі. Вось і спрэчка вакол АДКБ, падаецца, пацвярджае гэты тэзіс. Можа пасля чаканай перамогі на выбарах Арменія наагул пойдзе шляхам Украіны? Эксперты ў такі сцэнар проста не вераць.

«Арменія знаходзіцца ў дастаткова жорсткіх вонкавых умовах, звязаных з канфліктам з Азербайджанам, і таму кардынальным чынам змяніць адносіны з Расеяй без таго, каб паставіць пад пагрозу сваю бяспеку, Арменія не зможа», – лічыць Уладзімір Жарыхін.

Магчыма, ва ўмовах канфлікту вакол Нагорнага Карабаху, для Арменіі хаўруснікі, што прадаюць зброю ворагу – Азербайджану – лепш, чым іх адсутнасць. Чакаецца, што блок Пашыньяна ўпэўнена выйграе выбары ў бліжэйшы панядзелак. Але магчыма не варта спяшацца выкрэсліваць Арменію са спісу хаўруснікаў Крамля.

«Не раз на постсавецкай прасторы мы бачылі прыход быццам бы празаходніх палітыкаў, якія вялі цалкам прарасейскую палітыку. Гэта і Грузія з Бідзынам Іванішвілі і выпадак Розы Атунбаевай ў Кіргізстане ў 2011 годзе», – адзначае Сівіцкі.

Пры гэтым эксперты падкрэсліваюць, што Пашыньян у любым выпадку будзе куды больш самастойны, чым Саргсьян, інакш проста страціць свой палітычны капітал. А вось ці пацвердзіць заходнія надзеі – высветліцца не раней за яго чаканую перамогу на выбарах.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Фота: Mikhail Metzel / TASS / FORUM

Стужка навінаў