Лукашэнка параўнаў дзеянні Расеі на рынку з санкцыямі для Беларусі. Крэмль назваў гэта «эмацыйнай рэплікай»


Падчас паседжання з эканамічным блокам ураду 11 красавіка Аляксандр Лукашэнка параўнаў некаторыя дзеянні расейскіх партнёраў па закрыцці рынку для Беларусі з санкцыямі, паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны.

«Калі атрымаў пералік пытанняў, мяне што здзіўляе: апошнім часам (можа, СМІ хлусяць, можа, спецыялісты дакладваюць мне крывую інфармацыю), але я кожны дзень чую і чытаю, што наш асноўны гандлёвы партнёр (яны любяць называць сябе партнёры) усё больш і больш уводзіць санкцый супраць Беларусі. Самі знаходзяцца пад санкцыямі і асуджаюць гэта, і я тут іх абсалютна падтрымліваю. Але ў той жа час падобнай зброяй ваююць супраць бліжэйшых сваіх хаўруснікаў», – заявіў Лукашэнка.

«То адно прадпрыемства зачынілі, то іншае. Потым ці то моркву, ці то салат, ці то ўжо агуркі не спадабаліся. Ці то ў іх падазрэнне ёсць, што мы нешта пастаўляем не адтуль. І кожны дзень адбываецца закрыццё нашых прадпрыемстваў. Нам зачыняюць рынак », – адзначыў ён.

Нафтавае пытанне

Ён прывёў прыклад, як рабіў беларускі бок год ці паўтара таму, калі адмыслоўцы паведамілі, што ў аварыйным стане знаходзяцца нафтаправод і нафтапрадуктаправод, якія ідуць праз Беларусь. «Менавіта па нафтанцы. І нам трэба было б на некалькі дзён закрыць для рамонту гэтыя нафтаправоды. Але мы ж не зрабілі так. Мы разумелі, што гэта нанясе шкоду Расейскай Федэрацыі. І тады я даручыў працаваць у аварыйным парадку, але не перакрываць гэтыя дарогі, па якіх транспартуецца галоўны экспартны прадукт РФ – нафта», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, гэтае пытанне стаіць і цяпер на парадку дня. Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да віцэ-прэм’ера Ігару Ляшэнкі, падкрэсліў: «Калі трэба паставіць на рамонт нафтаправоды і нафтапрадуктаправоды, якія ідуць праз Беларусь, стаўце і рамантуйце.

Таму што тое дабро, якое мы робім для Расейскай Федэрацыі, яно нам абарочваецца пастаянна злом. Там ужо знахабіліся да такой ступені, што пачынаюць нам выкручваць рукі».

Захады, адпаведныя расейскім

«Мы павінны прымаць адпаведныя меры. Ну што мы ўвесь час: нас бʼюць у левую шчаку – мы падстаўляем правую. Разбярыцеся і дакладзяце асобна на наступным тыдні», – звярнуўся да чыноўнікаў Лукашэнка.

У Крамлі імгненна адрэагавалі на гэтыя словы: прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што там «з разуменнем ставяцца да эмацыйных рэплік» Лукашэнкі.

«Безумоўна, мы ўсё ж такі прыхільнікі танальнасці, якая лепш адпавядае саюзніцкаму характары нашых адносін», – цытуе Пяскова «Эхо Москвы».

Відэа
Лукашэнка супраць Пуціна. Саюзная вайсковая дактрына ў маразільніку
2019.04.09 13:34

КА belsat.eu

Стужка навінаў