Лукашэнка памяняў кіраўніцтва ураду

ВІДЭА

Аляксандр Лукашэнка і Сяргей Румас. Фота – Аляксей Нікольскі/ITAR-TASS/Forum

У Беларусі – новы прэм’ер і шэраг новых міністраў.

Старшынём ураду стаў Сяргей Румас, які з 2012-га года ўзначальваў «Банк развіцця», а з 2010-га з’яўляецца старшынём Беларускай федэрацыі футбола.

Кадравыя рашэнні Лукашэнкі: хто кім ёсць

Першы намеснік прэм’ер-міністра – Аляксандр Турчын, які кіраваў апаратам Савету Міністраў.

Намеснікі прэм’ер-міністра – Ігар Ляшэнка (узначальваў «Белнафтахім»), Уладзімір Кухараў (працаваў на пасадзе намесніка старшыні КДК, будзе курыраваць пытанні ЖКГ, транспарту і будаўніцтва), Ігар Петрышэнка (былы амбасадар Беларусі ў Расеі, будзе адказваць за сацыяльную сферу – ахову здароўя, адукацыю, культуру і спорт.

Міністр архітэктуры і будаўніцтва – Дзмітрый Мікулёнак.

Міністр прамысловасці – Павел Уцюпін. Паводле Лукашэнкі, чыноўнік ведае гэтую сферу.

«Вы там, па-мойму, гадоў пяць прапрацавалі. І вельмі добра, што вы папрацавалі і ў Міністэрстве эканомікі. Для вашай будучай працы гэта проста выдатна», – заявіў Лукашэнка.

Міністр сувязі і інфарматызацыі – Канстанцін Шульган. «Чалавек дысцыплінаваны, ваенны, які вельмі добра ведае гэтую сферу, і асабліва перспектыву развіцця, звязаную з інфармацыйнымі тэхналогіямі, стварэннем вялікай удзельнай вагі ў сферы IT», – цытуе Лукашэнку «БелТА».

Міністр эканомікі – Дзмітрый Круты.

«Вельмі б хацелася, каб Міністэрства эканомікі (вы гэтую арганізацыю добра вывучылі) набыло новае дыханне і прыстасавалася да новых рэаліяў. Гэта вельмі важна», – дадаў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка прызначыў таксама новага старшыню Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту – ім стаў Раман Галоўчанка.

«Міністры-пафігісты»

13 жніўня Аляксандр Лукашэнка ўчыніў разнос ураду і жорстка раскрытыкаваў якасць працы мясцовых органаў улады, пасля гэтага Лукашэнка анансаваў адстаўкі. 16 жніўня «за невыкананне даручэнняў кіраўніка краіны» у адстаўку былі адпраўленыя «міністры-пафігісты»Анатоль Чорны (архітэктуры і будаўніцтва) і Віталь Воўк (прамысловасці).

ДД

Глядзі таксама
Каментары