Лукашэнка паляцеў у Маскву


Сёння Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным.

Падчас сустрэчы яны абмяркуюць «найбольш актуальныя пытанні парадку дня беларуска-расейскіх адносінаў, пытанні палітычнага ўзаемадзеяння, развіццё інтэграцыйных працэсаў, сітуацыю ў рэгіёне і ў свеце», паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Акрамя таго Пуцін ды Лукашэнка возьмуць удзел ва ўрачыстай цырымоніі віншавання Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, які напярэдадні адзначыў 70-годдзе.

«Гарачы каментар» з Віталём Цыганковым пра сустрэчу Лукашэнкі з расейскімі журналістамі

Пра сённяшнюю сустрэчу з Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка распавёў 17 лістапада на прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў. На гэтай прэс-канферэнцыі, дарэчы, беларускіх лідар не дапускаў рэзкіх заяваў у бок Расеі, бо «у сябе ў галаве меў на ўвазе сустрэчу з Пуціным», адзначыў у каментары «Белсату» палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка «асцярожна пакрытыкаваў Расею».

«Сядзем удваіх з Уладзімірам Пуціным і абмяркуем некаторыя прынцыповыя пытанні. Я не скажу «канцэптуальныя» – мы ўжо вызначыліся па ўсіх пытаннях. Трэба проста выконваць нашы дамоўленасці. Прэтэнзіі і да нас, і да Расейскай Федэрацыі, але мы вось сам-насам сядзем дзесьці, ціхенька абмяркуем гэтыя пытанні і дамовімся», – заявіў на прэс-канферэнцыі 17 лістапада Лукашэнка.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў