Лукашэнка падпісаў закон пра амністыю: на волю выйдуць 5,4 тыс. чалавек


Кіраўнік Беларусі падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў». Пра гэта паведамілі ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Закон вызваляе ад пакарання непаўналетніх, цяжарных жанчын, асобаў, якія маюць дзяцей у веку да 18 гадоў, асобаў пенсійнага веку, інвалідаў I і II групы, ветэранаў баявых дзеянняў, асобы, якія атрымалі раненні падчас службы, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС ды некаторых іншых катэгорыяў. Агулам колькасць такіх грамадзянаў складзе каля 5,4 тыс. чалавек.

Hавiны
Дэпутаты прынялі законапраект аб амністыі: ён закране амаль 12 тыс. асуджаных
2020.05.05 12:42

Яшчэ 6,4 тыс. чалавек скароцяць тэрмін пакарання ў выглядзе пазбаўлення або абмежавання волі на 1 год. У адрозненне ад амністыі 2019 года кола такіх асобаў пашыранае за кошт асуджаных за карупцыйныя злачынствы, а таксама за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў (акрамя паўналетніх, асуджаных за нарказлачынствы, учыненыя ў складзе арганізаванай групы або з выкарыстаннем лабараторнага абсталявання, а таксама тых, што сталі прычынай смерці чалавека).

Амністыя не распаўсюджваецца на асобаў, якія ўчынілі злачынствы супраць дзяржавы, забойства, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці, злачынныя дзеі сексуальнага характару, іншыя злачынствы, якія характарызуюцца падвышанай грамадскай небяспекай (у тым ліку ПДР руху ў стане ап’янення, што пацягнула смерць або цяжкія цялесныя пашкоджанні).

Hавiны
З беларускіх турмаў выпусцілі 2,5 тысячы зняволеных
2020.05.04 17:44

Таксама на амністыю не могуць разлічваць асобы, якія ўчынілі новыя наўмысныя злачынствы пасля папярэдніх актаў амністыі або памілавання, не пакрылі нанесеную шкоду, не выплацілі даход, атрыманы злачынным шляхам, дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў або злосна парушаюць парадак адбывання пакарання.

Апроч таго, амністыя таксама не распаўсюджваецца на асобаў, якім смяротнае пакаранне ў парадку памілавання замянілі на пазбаўленне волі або пажыццёвае зняволенне або пажыццёвае зняволенне замянілі пазбаўленнем волі, а таксама да асуджаных да пажыццёвага зняволення.

Ужыванне амністыі будзе ажыццяўляцца цягам шасці месяцаў з дня ўступлення закону ў моц.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў