Лукашэнка падпісаў указ, які вызначае цану аднаго ядравага інцыдэнту на БелАЭС


Аляксандр Лукашэнка 14 студзеня падпісаў Указ № 15 «Аб адказнасці за ядравыя страты». Як адзначаюць у прэс-службе Лукашэнкі, дакументам ствараецца механізм фінансавага забеспячэння адказнасці за шкоду, якая ўзнікла пры выкарыстанні атамнай энергіі.

Указ вызначае мяжу адказнасці РУП «Беларуская АЭС» за шкоду ў памеры 150 млн спецыяльных правоў запазычання (СПЗ) па адным ядравым інцыдэнце. У якасці формы фінансавага забеспячэння адказнасці аператара БелАЭС усталёўваецца страхаванне грамадзянскай адказнасці.

Спецыяльныя правы запазычання – штучны рэзервовы і плацежны сродак, што эмітуецца МВФ. Курс на 15 студзеня 2019 года, напрыклад, складзе 3.0145 беларускіх рубля за адзін СПЗ.

Палажэннямі дакументу вызначаюцца ўмовы ажыццяўлення страхавой дзейнасці, звязанай з БелАЭС. Акрамя таго, вызначаны патрабаванні да дагавора страхавання адказнасці за ядравыя страты.

«Прыняцце Указа дасць магчымасць забяспечыць выкананне Беларуссю міжнародных абавязкаў у галіне грамадзянскай адказнасці за ядравыя страты, фінансавых гарантыяў абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў, юрыдычных асобаў, аб’ектаў навакольнага прыроднага асяроддзя», – адзначылі ў прэс-службе.

ІІ, belsat.eu, паводле Интерфакс

Глядзі таксама
Каментары