Лукашэнка падпісаў новы дэкрэт аб занятасці насельніцтва: «падатку на дармаедаў» там няма


У дэкрэт №1, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 25 студзеня, не ўвайшлі нормы аб збіранні з працаздольных непрацуючых грамадзянаў «падатку на дармаедаў». Пры гэтым асобы, якіх раней прызнавалі плацельшчыкамі гэтага падатку, вызваленыя ад яго выплаты.

Дэкрэт №1 прадугледжвае, што ўрад павінен будзе ўсталяваць прагнозныя паказчыкі па садзейнічанню занятасці, а мясцовыя органы ўлады забяспечыць «індывідуальную працу з грамадзянамі на месцах пры правядзенні працы па іх працаўладкаванні і рэсацыялізацыі асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця».

«Падатку на дармаедаў» у новым дэкрэце няма. Замест гэтага з 1 студзеня 2019 года так званыя «дармаеды» будуць аплочваць паслугі, якія субсідуюцца дзяржавай, па іх поўным кошце. Канкрэтны пералік такіх паслугаў вызначыць урад. Мясцовыя органы ўлады створаць спецыяльныя камісіі, якія будуць займацца садзейнічаннем працаўладкаванню грамадзянаў. У склад камісіі ўключаць дэпутатаў, спецыялістаў мясцовых органаў улады і прадстаўнікоў грамадскі арганізацыяў. Дэкрэт прадстаўляе камісіям шырокія паўнамоцтвы, у тым ліку па прыняцці рашэнняў аб вызваленні на пэўны час працаздольных грамадзянаў, якія не занятых у эканоміцы, ад абавязку аплачваць паслугі па поўным кошце пры наяўнасці ў iх цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Акрамя таго, улады прымуць меры для актывізацыі прафілактычнай працы з «дармаедамі» і дзейнасці падатковых органаў па выяўленні ўтоеных прыбыткаў фізічных асобаў. Што будуць прадугледжваць гэтыя меры не ўдакладняецца.

Нагадаем, так званы «дэкрэт аб дармаедах» (дэкрэт №3) быў падпісаны 2 красавіка 2015 г. i абавязваў усіх жыхароў Беларусі, якія на працягу як мінімум 183 дзён у годзе не былі афіцыйна працаўладкаваныя, плаціць падатак у памеры 360 беларускіх рублёў. Дэкрэт пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2016 га. «Падатак на дармаедаў» справакаваў масавыя акцыі пратэсту ў Менску і рэгіёнах у лютым-сакавіку 2017 года, якія былі задушаныя сілавікамі. Адначасова з рэпрэсіямі супраць пратэстоўцаў Лукашэнка ўвёў мараторый на спагнанне падатку і паабяцаў прыняць новую рэдакцыю дэкрэту.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў