Лукашэнка пачаў казаць МЫ (з Расеяй) і пагражаць ейным войскам


«Мы ведаем, да чаго гэта можа прывесці, таму будзем дзеяць супольна»… Калі верыць Аляксандру Лукашэнку, які тэрмінова тэлефанаваў да маскоўскага калегі, то 15 жніўня ён заручыўся ў Крамля падтрыманнем, у тым ліку вайсковым, «калі спатрэбіцца».

Фота: president.gov.by

Вярхоўны галоўнакамандуючы загадаў перакінуць Віцебскую дэсантна-штурамавую брыгаду ў Горадню, пад нашую заходнюю мяжу, за якою, маўляў, адбываецца «нарошчванне вайсковага кампаненту». Матэрыял паказалі на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» па выніках нарады ў Цэнтры стратэгічнага кіравання Мінабароны.

Лукашэнка заявіў, што яму не падабаюцца вучэнні НАТО ў Польшчы і Літве, якія адпрацоўваюць сцэнар уварвання ў краіну.

«У нас ёсць дамова з Расеяй у межах Саюзнай дзяржавы і АДКБ. Гэтыя моманты акурат пасуюць пад гэтую дамову. […] Мы з ім (Уладзімірам Пуціным. – Прым. рэд.) дамовіліся: пры першым нашым запыце будзе аказаная ўсебаковая дапамога па забяспечванні бяспекі Беларусі».

Ланцуг салідарнасці з Беларуссю ў Вільні.
Фота: ГР, «Белсат»

Над чым працаваць разам, са словаў Лукашэнкі, ужо знайшлі:

«Момант, які не можа не насцярожваць нас (мы таксама з прэзідэнтам Пуціным гэта абмяркоўвалі): вы бачыце не толькі заяву гэтых дзяржаваў, якія знаходзяцца на захадзе ад нас, не толькі іхную прапанову. Але цікавая з’явілася Інфармацыя сёння ля раніцы аб тым, што яны хочуць выбудаваць «ланцуг» ад Вільні да Кіеву. То бок ланцуг неабыякавых. Мала на праспекце ў Менску неабыякавых з кветачкамі і ў ланцугах… Ужо хочуць выставіць ад Вільні да Кіеву і сабраць туды больш за 300 тыс. чалавек», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Катэгарычна не дапусціць такіх дзеянняў» Лукашэнка загадаў усім тэматычным арганізацыям – МУС, КДБ, Генеральнай пракуратуры і Мінабароны.

«Я гэта ўжо праходзіў пасля распаду Савецкага Саюзу, калі была спроба стварэння Балта-Чарнаморскага рэгіёну – санітарнай зоны з трох балтыйскіх дзяржаваў, Беларусі і Украіна, каб аддзяліць Расею ад Захаду», – заявіў кіраўнік, – Мы разумеем, да чаго гэта можа прывесці. Таму з Прэзідэнтам Расеі дамовіліся аб тым, што мы будзем тут дзейнічаць супольна», – заверыў кіраўнік Чырвонага дому.

Пратэст каля будынку Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі, Мeнск, 15 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Беларусь – не Крым

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман называе рыторыку Лукашэнкі страшылкамі, у якія ня верыць з 10 прычынаў. “Белсат” называе некалькі з іх:

1. Расея не ратуе войскам рэжымы, якія падаюць. Вывезці лідара – так, але ратаваць рэжым, у якога не засталося базы падтрымання – не.

2. Беларусы не хочуць знешняй інтэрвенцыі і не хочуць у склад Расеі. Згодна з самым свежым апытаннем Акадэміі Навук, за далучэнне да Расеі менш чым 7 %. Беларусь не Крым, які нібыта прасіў уратаваць ад фашыстаў. Тут ружачак не будзе.

3. Народ, які не просіць яго ратаваць, давядзецца ўтрымліваць вялікаю сілай. Акупацыйныя войскі ў дзясяткі тысяч чалавек. А калі пачнецца партызаншчына, якая амаль непазбежная ў такім выпадку і на такім грамадскім уздыме – то сотні тысяч. І тысячы ахвяраў. Больш далікатнага шляху проста няма.

Барыкады побач з універсамам «Рыга». Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

ЮЦ Belsat.eu

 

Стужка навінаў