Лукашэнка паабяцаў новую канстытуцыю, але не распавёў, навошта яна патрэбная


Аляксандр Лукашэнка на суботніку ў Гомельскай вобласці. 25 красавіка 2020 года. Фота – president.gov.by

Падчас суботніку ў Гомельскай вобласці кіраўнік Беларусі заявіў, што цягам пяці гадоў Беларусь можа атрымаць новы Асноўны закон.

«Мы ў новай пяцігодцы, хутчэй за ўсё, будзем мець новую Канстытуцыю. Ёсць пытанні, на якія ёсць адказы. І вельмі шмат пытанняў – іх больш – на якія адказу няма», – цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

Размовы аб імаверных зменах Канстытуцыі распачаліся ў 2018 годзе – тады Лукашэнка адхіліў гэтую ідэю.

Падчас «Вялікай размовы» у сакавіку 2019-га Лукашэнка распавёў, што даручыў Канстытуцыйнаму суду распрацаваць праект новай канстытуцыі, які прадугледжвае пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады і нават магчымы пераход на выбары ў парламент паводле партыйных спісаў. Гэтую інфармацыю Лукашэнка паўтарыў і падчас штогадовага паслання да народу і парламенту ў красавіку 2019-га.

Пра змены ў Канстытуцыі або нават новы Асноўны закон Лукашэнка заяўляў таксама на сустрэчы са старшынямі канстытуцыйных судоў замежных краінаў у траўні 2019-га.

«Нашая Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць. Я папрасіў менавіта спецыялістаў Канстытуцыйнага cуду, каб яны ўнеслі свае прапановы для магчымага ўдасканалення нашай Канстытуцыі. А потым мы сядзем і абмяркуем».

У верасні 2019-га Канстытуцыйны суд пацвердзіў «Deutche Welle», што займаецца распрацоўкаю прапановаў па ўдасканаленню Асноўнага закону, але падрабязнасцямі не падзяліўся. Ці будзе гэта новая рэдакцыя Канстытуцыі ці папраўкі ў існы дакумент, выданню не патлумачылі і ў прэсавай службе кіраўніка Беларусі.

Адной з найбольш імаверных прычынаў зменаў у Канстытуцыі аналітыкі называлі забеспячэнне Лукашэнкам сабе прывілеяў пасля сыходу з улады і перадачу кіравання краінай «правільнай асобе».

Hавiны
Мікалай Сванідзэ: мара Лукашэнкі – перадаць уладу сыну Колю
2019.12.21 14:28

У тым, што змены адбываюцца без абмеркавання з грамадствам, аналітыкі не бачылі нічога дзіўнага: падрыхтоўка папярэдніх зменаў у Канстытуцыю таксама праходзіла патаемна.

Пасля галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у лістападзе 2019 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі сфармуюць шырокую групу спецыялістаў, якія паспрабуюць напісаць праект Канстытуцыі і прадставіць яму. Пасля гэтага Лукашэнка, «калі палічыць патрэбным», прадставіць яго грамадству на абмеркаванне. Пра ніякія канкрэтныя тэрміны ён не казаў.

«Спешка тут не прымальная, гэта сур’ёзнае пытанне: як будзе жыць і развівацца краіна ў будучыні», – дадаў Лукашэнка.

Аб’ектыў
Палітолаг пра змену Канстытуцыі: Можна меркаваць, што пасля 2025 года ў Беларусі будзе новы прэзідэнт
2019.05.31 22:23

У сучаснай гісторыі Беларусі Асноўны закон змянялі двойчы – на падставе рэферэндумаў.

Папраўкі 1996 году дазволілі Лукашэнку пашырыць паўнамоцтвы на прэзідэнцкай пасадзе і ператварыць краіну з парламенцка-прэзідэнцкай у прэзідэнцкую. Між іншага, ён атрымаў права выдаваць дэкрэты і ўказы, вышэйшыя за прынятыя парламентам законы.

Папраўкі 2004-га далі Лукашэнку права пераабірацца на пасаду кіраўніка дзяржавы неабмежаваную колькасць разоў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў