Лукашэнка: Некаторыя міністры проста знахабіліся


Прызначаючы Віталя Дрожжу міністрам лясной гаспадаркі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ўзмацняецца кантроль за працай кіраўнікоў, асабліва чальцоў ураду і міністраў.

«Глядзіце, каб усё было сумленна і прыстойна. Мы ўзмацняем кантроль, я пра гэта часта гавару, за працай кіраўнікоў, асабліва чальцоў урада, міністраў, таму што некаторыя проста знахабіліся. І з такімі мы разбіраемся імгненна», – падкрэсліў Лукашэнка.

Лукашэнка адзначыў, што Віталь Дрожжа для кіроўнага складу міністэрства чалавек новы, і ў гэтым яго перавага.

«Вы не завязаныя тут ні на якія колы, ні з кім не рыбачылі і не палявалі, хаты камусьці ці лазні не будавалі. Таму вы чалавек чысты, рукі ў вас чыстыя, досьвед маеце. Дзейнічайце і ня глядзіце па баках. Калі хтосьці вас хоча зацягнуць не туды, куды трэба, знайдзіце магчымасць мяне пра гэта праінфармаваць. Ні ў якім разе не паддавайцеся на нейкія хітраспляценні, усё павінна быць сумленна», – сказаў ён.

«Хацелася б, каб вы гэта ваша добрая якасць – што вы нікому нічога не абавязаны і ні на каго не завязаныя, як у нас кажуць – увасобілі ў жыццё. Лёгка вам не будзе, вы ведаеце маё стаўленне да прыроды і да лесу», – папярэдзіў ён.

Нагадаем, лясная гаспадарка ў Беларусі апошнім часам адзначылася шэрагам скандалаў. У лютым стала вядома, што 12 чыноўнікаў Міністэрства лясной гаспадаркі, а таксама кіраўнік лесагаспадарчай галіны ў Віцебскай вобласці, былі затрыманыя КДБ у межах крымінальнай справы аб карупцыі. Адначасова Лукашэнка зняў з пасады міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча – «за непрыняцце дзейсных мераў па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў