Лукашэнка не заробіць на таннай нафце. Дапаможа Нурсултан?


У Крамлі заявілі, што не хочуць нават абмяркоўваць кампенсацыі для Беларусі за свой гэтак званы падатковы манеўр… Пакуль не будзе вырашаная інтэграцыя. Нібыта ў адказ у аўторак Менск, вуснамі прадстаўніка «Белнафтахіму», кажа пра магчымасць атрымання чорнага золата і іншымі – альтэрнатыўнымі – шляхамі. Найпрасцей – з Казахстану: нават дамова ёсць. Няма толькі… дазволу з Масквы. Падрабязней – Усевалад Шлыкаў.

Беларусь набліжаецца да моманту, калі не зможа зарабляць на таннай расейскай нафце, перапрадаючы яе на Захад. Больш за тое, «Белнафтахім» ацэньвае падаражэнне чорнага золата амаль на $ 18 за тону. На столькі болей заплоцяць беларускія НПЗ ужо налета. Калі, канечне, не атрымаецца выбіць запаветнай кампенсацыі ад Крамля. Гэтым разам мы ўсе можам адчуць наступствы бясконцых кулуарных перамоваў на ўласным гаманцы.

Каментуе эканаміст Яраслаў Раманчук, кіраўнік цэнтру Мізэса:

«Белнафтахім», які кантралюе 70-80 % рынку паліва, і мы вось купляем толькі з унутраных крыніцаў. Так што трэба арыентавацца на тое, што паліва будзе каштаваць штосьці каля долара, і гэта такая цана, якая яшчэ нават не адлюстроўвае ўсяго таго падатковага цяжару».

Падатковы цяжар напоўніцу адчуем толькі ў 2024 годзе, калі Расея цалкам абнуліць экспартныя мыты на энерганосьбіты. У Менску кажуць, альтэрнатыву, прынамсі частковую, знайшлі. Казахстан гатовы паставіць да 3,5 млн тонаў нафты. Ёсць толькі адная невядомая.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Я думаю, калі Расея зацікаўленая ў развіцці нашага эканамічнага саюзу, яна не стане перашкаджаць гэтаму. Бо калі мы пачнём блакаваць агульныя праекты ў ЕАЭС, ну што ж, як я часта кажу, тады іншыя краіны, як Беларусь, Казахстан, будуць шукаць шчасця збоку».

Казаў беларускі лідар напярэдадні ўзгаднення магчымых паставак казахскае нафты і паскардзіўся наўпрост: Расея не прапускае нафты. Падавалася б, раней Масква наракала на датацыйныя стасункі з Менскам: маўляў, толькі радыя адмовіцца ад аплаты беларускага сяброўства. Прычына можа быць у тым, што нафта тая не зусім казахская.

ВІДЭА
Назарбаеў захоўвае ўладу. Навошта Лукашэнку прэзідэнт Казахстану Такаеў?
2019.10.28 14:24

Гаворыць Ігар Тышкевіч, Украінскі інстытут будучыні, Кіеў:

«З вельмі вялікай верагоднасцю гэта будуць амерыканскія кампаніі. Тут дарэчы актыўнасць «Белнафтахіму», польскай дачкі «Беларуснафты» – па атрыманні ліцэнзіі на імпарт амерыканскае нафты. Бо тады нафта можа быць у Казахстане, але дэ-факта будзе амерыканскаю».

У Казахстане дзеюць тры кансорцыумы ў здабыцці нафты з вялікай доляй удзелу ў іх такіх кампаніяў, як «Chevron», «ExxonMobil» і «ConocoPhillips»: іх доля на нафтавым рынку краіны ў найлепшыя гады даходзіла нават да 42 %. То бок амерыканцы выведваюць нафтавыя радовішчы, здабываюць там чорнае золата і большую частку пакідаюць сабе. І пускаць ці то амерыканскую, ці то казахскую нафту ў расейскую трубу, якая сілкуе ўсю Еўропу, Крамлю наўрад ці хочацца.

Працягвае Ігар Тышкевіч:

«Для Расейскай Федэрацыі дапусціць яшчэ ў нафтаправод «Дружба», тую ж казахскую нафту могуць пачаць набываць палякі, вугорцы, славакі і гэтак далей. Для Расейскай Федэрацыі гэта проста небяспечна».

Адмысловец з Расеі паціскае плячыма: хочаце, Крэмль канечне, дазволіць транзіт. Але хутчэй наземным транспартам – пры такім дадатковым кошце сусветная цана можа падасца цалкам прымальнай. Што ж да нафтаправоду «Дружба»…

Каментуе Аляксей Калачоў, фінансавы аналітык кампаніі «Фінам», Масква:

«Праблема ў тым, па якіх тарыфах дасць такую магчымасць «Транснефть»? І ці будуць у іх тэхнічныя магчымасці. Ну бо памеры не бязмежныя. Мільён тонаў – гэта не праблема, а вось 3,5 млн тонаў – гэта ўжо давядзецца кагосьці пацясніць».

І таму «Белнафтахім» спадзяецца знайсці альтэрнатыву. Кажуць пра парты Украіны, або краінаў Балтыі. У Вільні не вераць, што Менск нават паспрабуе адмовіцца ад расейскага чорнага золата.

ВІДЭА
Расейскі эканаміст Уладзімір Мілоў: Беларусь атрымае субсідыі без страты суверэнітэту
2019.10.12 18:57

Рытас Стасяліс, адмысловец Асацыяцыі літоўскіх энергетычных кампаніяў, Вільня:

«Я асабіста ў такую перспектыву не веру, і для таго, каб гэтая схема, што дзеіць некалькі добрых гадоў, абарвалася, па-мойму, павінныя былі б быць разарваныя існыя адносіны паміж Менскам і Крамлём».

Што ж да варыянту паставак праз Украіну, то тут у «Белнафтахіме» разглядаюць варыянты паставак сыравіны ці то з Блізкага Усходу, ці то нават з Афрыкі. Ізноў канечне паўстане пытанне коштаў – танней за расейскую нафту не атрымаецца, упэўненыя ўсе нашыя адмыслоўцы. Між іншага дзеля гэтага Менск і інтэграваўся Еўразійскую энергетычную прастору – каб такіх праблемаў не было. Бо, сёння якія плюсы такой інтэграцыі?

Працягвае Аляксей Калачоў:

«Каб вырабляць бензін па кошце, даступным для насельніцтва, трэба купляць танную нафту, то бок яе трэба купіць на ўнутраным рынку ЕўрАзЭС без уліку мытаў… Калі мыты абнуляцца, то пытанне такое канечне ўзнікне, але тут ну што ж зробіш».

У Расеі абяцаюць вырашыць гэтую праблему для ўсяго ЕўрАзЭС: маўляў, ужо ў 2025 годзе запрацуе адзіны рынак энерганосьбітаў. Дзе для ўсіх будзе выгадны хаўрусніцкі кошт. Гучыць цудоўна. Не горш, чымся пяць гадоў таму, калі ўдзельнікам ЕўрАзЭС абяцалі той жа агульны рынак у… 2019 годзе. Таму пакуль даводзіцца спрачацца з Расеяй, даводзячы справу да абсурду.

Яраслаў Раманчук:

«Беларусь унікальная ў тым, што патрабуе частку суверэнітэту Расеі. Бо калі МЗС Расеі кажа, што гэта нашае суверэннае права праводзіць падатковую рэформу, то я не магу не пагадзіцца! І тут Беларусь публічна кажа: дайце нам частку расейскага суверэнітэту! Калі Беларусь так ставіць пытанне, то лагічна, што і Крэмль кажа: то дайце нам і частку нашага».

Лагічна, калі б не ўсе іншыя дамоўленасці. А так або хтосьці з пары Менск – Масква падзеліцца сваёй незалежнасцю з іншым, або Беларусь усё ж дачакаецца абяцанае светлае будучыні з адзіным энергетычным рынкам.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 01.11.2019

Іншыя тэмы выдання:

 

Стужка навінаў