Пераможца нацыянальнага конкурсу «Міс Беларусь – 2018» Марыя Васілевіч была заўважана побач з Аляксандрам Лукашэнкай падчас наведвання калгасу «Радзіма» ў Бялынічах.
Як паведамляе БелТА, 10 ліпеня Марыя Васілевіч прысутнічала на мясцовым свяце ў аграгарадку Вішоў, дзе ўшаноўвалі працаўнікоў сельскагаспадарчага кааператыва. Што яна там рабіла – дзяржаўныя СМІ не ўдакладняюць. Гэты аграгарадок сёння наведаў і Аляксандр Лукашэнка.
Наведваючы музей калгаса «Радзіма», Лукашэнка прапанаваў Марыі Васілевіч прысесці за стол першага старшыні гаспадаркі і жартам выказаў здагадку, што, магчыма, ёй давядзецца ўзначаліць сельскагаспадарчае прадпрыемства.
Пазней дзяўчына заявіла журналістам, што калі Лукашэнка казаў сур’ёзна і прапанова будзе ў сіле, то гатовая паспрабаваць сябе ў сельскай гаспадарцы, а спачатку ёй неабходна адпрацаваць двухгадовай кантракт па месцы сваёй бягучай працы.
Фінал конкурсу «Міс Беларусь 2018» 4 траўня прайшоў у Палацы рэспублікі ў Менску. Перамагла 20-гадовая Марыя Васілевіч. Сёлета дзяўчына скончыла БГЭУ.
За фіналам конкурсу традыцыйна назіраў Аляксандр Лукашэнка.
ІІ, belsat.eu, паводле БелТА