Лукашэнка: не варта ганарыцца БНР


20 сакавіка на сутрэчы з творчай моладзю кіраўнік Беларусі заявіў студэнтам, што гісторыю стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі ведаць трэба, але ганарыцца ёй не варта.

Паводле Лукашэнкі, падзеі стагодовай даўніны мала вывучаныя, а тая інфармацыя, якая ёсць, супярэчлівая.

«З аднаго боку, стваральнікі Беларускай Народнай Рэспублікі хацелі незалежнасці для краіны, з другога – яны былі гатовыя прасіць у гэтай справе дапамогі ў каго заўгодна, аднак потым зноў апынуліся б пад ботам», – цытуе Лукашэнку БелТА.

Кіраўнік Беларусі лічыць, што разумныя людзі павінны ведаць праўду пра тыя падзеі.

«Не заклейваць, не выдзіраць з кантэксту, але ганарыцца гэтым, калі гэта было так, – не трэба. Гэта была сумная старонка, і ў гісторыі многіх народаў такіх сумных старонак была маса», – заявіў Лукашэнка.

«Трэба берагчы тое, што сёння. І не трэба пад выглядам нейкага БНР, БССР або чагосьці ламаць. Так, гэта было ў нашай гісторыі. І мы павінныя адэкватна гэта ацэньваць: вось гэта – кепска, гэта – зусім кепска, гэта – трэба разумець, а гэта – трэба цаніць», – падсумаваў Лукашэнка.

100-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі беларусы будуць святкаваць 25 сакавіка.

ДД

Стужка навінаў