Лукашэнка не дамовіўся з Пуціным пра нафту?


Улады Беларусі гучна абвесцілі пра дасягненне нафтавых дамоўленасцяў з Расеяй. Пастаўкам быць, кажуць у Менску. Гучыць аптымістычна, пагатоў кошт на расейскую нафту для Беларусі цяпер на ўзроўні $ 16 за барэль. Але ўва ўсёй гэтай бочцы мёду ёсць і лыжка дзёгцю.

Расейская нафта каштуе ўжо танней за ваду ў бутэльках. На фоне гэтай інфармацыі словы Аляксандра Лукашэнкі пра аднаўленне расейскіх паставак у Беларусь на першы погляд выглядалі абсалютна праўдзіва. Але, пачуўшы рэакцыю расейскіх чыноўнікаў, складаецца ўражанне, што Менск праводзіць спланаваную інфармацыйную спецаперацыю.

Каментуе палітолаг Валерыя Касцюгова:

«Дасюль невядома, ці пагадзіліся расейцы на нейкія ўмовы. Намеснік міністра фінансаў Расеі абвесціў, што той варыянт, які агучыў прэм’ер Беларусі, з кампенсацыяй прэміі, міжбюджэтным трансферам, не разглядаецца. Так што яснасці з гэтым пытаннем няма».

Пры такім несупадзенні заяваў прыходзяць на думку тры варыянты. Першы: беларусы выдаюць фантазіі за рэальнасць. Другі: гэта свядомы інфармацыйны шантаж. Трэці, найменш праўдападобны: расейскі высокапастаўлены чыноўнік не ведае, што ягонае ведамства будзе кампенсаваць беларускаму боку пэўныя страты. Спадзявацца на апошні варыянт даволі наіўна. Бюджэт нашай усходняй суседкі разлічвалі зыходзячы з коштаў на нафту на ўзроўні $ 42,4, цяпер гэтая лічба ў два разы ніжэйшая.

Ігар Юшкоў, вядучы аналітык Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі (Расея), з інтэрв’ю для «Евразия Эксперт» заявіў:

«Цяпер расейскі бюджэт дэфіцытны, выпадальныя прыбыткі будуць папаўняцца з Фонду нацыянальнага дабрабыту. Дадатковых грошай, каб даваць кампенсацыі падатковага манеўру або яшчэ штосьці кампенсаваць Беларусі, няма».

А вось варыянт са свядомым скажэннем інфармацыі з боку афіцыйнага Менску выглядае больш імаверна. Яшчэ два тыдні таму беларускі прэм’ер-міністр Сяргей Румас звязваў падзенне сусветных коштаў на нафту з большаю дамоваздольнасцю Масквы, так бы мовіць, рыхтаваў публічную думку да «прарыву на перамовах». Перад гэтым былі размовы пра пастаўкі нафты рэверсам праз Польшчу і заявы ЗША пра магчымасць цалкам забяспечыць Беларусь сыравінай. Усё гэта мела мала супольнага з рэальнасцю, але блеф пры такой гульні таксама можа даць вынік.

Каментуе польскі эксперт паліўнага рынку Мар’юш Маршалкоўскі, рэдактар BiznesAlert.pl:

«Паміж Польшчай і Беларуссю былі размовы, факт пацвердзілі польскія кампаніі. Але ніхто асабліва гэтага не афішаваў, бо на факт дыверсіфікацыі паставак у Беларусь трэба глядзець у больш шырокім кантэксце: гэта не толькі пра эканоміку, але і пра палітыку. Факт гэтых размоваў значна палепшыў пазіцыю Аляксандра Лукашэнкі [у перамовах з Расеяй. – Заўвага Belsat.eu]».

Нават калі ўявіць сабе, што пасля чатырох месяцаў па сутнасці нафтавай блакады беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы змогуць вярнуцца да працы з поўнаю загрузкай, адкаркоўваць шампанскае заўчасна. Бо ўслед за падзеннем коштаў на вуглевадароды ў крутое піке адправіліся і аптовыя цэны на нафтапрадукты, якія Беларусь экспартавала ў значных аб’ёмах. Да таго ж, за чатыры месяцы непрысутнасці на сваіх традыцыйных рынках, беларускую долю занялі іншыя пастаўнікі. А эпідэмія каронавіруса зменшыла сусветнае запатрабаванне ў паліве. Лёгка зарабіць на нафце, таннейшай за ваду, не атрымаецца.

Працягвае Валерыя Касцюгова:

«На еўрапейскім рынку нафтапаставак адбываюцца сур’ёзныя змены, а яшчэ больш сур’ёзныя наперадзе. Таму нельга дакладна вызначыць, што адбудзецца. Адзінае, што можна з упэўненасцю сказаць, – канкурэнцыя павялічыцца».

Але галоўнае пытанне, якое паўстае пасля анонсу ўладаў Беларусі пра аднаўленне паставак з Расеі, – што будзе з дыверсіфікацыяй, пра патрэбнасць якой гадамі цвердзяць эксперты, пра якую і сам Аляксандр Лукашэнка недвузначна выказваўся.

Кіраўнік Беларусі заявіў:

«Вось кажуць, Лукашэнка ўмее лічыць, ён не будзе набываць амерыканскай, азербайджанскай, саудаўскай ці казахскай нафты. Буду! Нават калі будзе даражэй. Мяне Пуцін пытае: «А навошта ты даражэй будзеш набываць?» А я кажу: «Каб кожны год 31 снежня апоўначы не стаяць на каленях».

Калі гульня з альтэрнатыўнымі пастаўкамі – толькі блеф, скіраваны ў бок Расеі, то суседнія краіны, з якімі ішлі размовы пра альтэрнатыўную лагістыку, могуць надоўга запомніць гэты несяброўскі крок.

Каментуе Ігар Тышкевіч, Украінскі інстытут будучыні, Кіеў:

«Логіка Расеі на фоне канфлікту з Саўдаўскай Аравіяй і падзення коштаў на нафту – заліць Беларусь нафтаю, каб нашыя НПЗ не маглі перапрацоўваць сыравіны з іншых крыніцаў. Але калі Беларусь чарговы раз купіцца на такую прапанову, то яна істотна абмяжуе свае магчымасці для будучай палітычнай і эканамічнай гульні. Пры паўтарэнні такога крызісу, а ён паўторыцца, знайсці альтэрнатыву будзе вельмі цяжка».

Нават калі прыняць, што дамоўленасці з Расеяй аб пастаўках няма, доўгатэрміновы нізкі кошт на нафту сапраўды можа прымусіць расейскіх пастаўнікоў забыць пра дадатковыя. За апошнія два тыдні міжнародныя трэйдары не прадалі на спотавым рынку ніводнай партыі нафты з Расеі, яна даражэйшая за саудаўскую, а прапанова на рынку большая за попыт. Мара Менску можа споўніцца: гэтым разам Беларусь будзе больш патрэбная Расеі, чымся наадварот. Але якою вялікаю ні была б спакуса вярнуцца на 100 % паставак з Расеі, у стратэгічным плане гэта азначае чарговы раз наступіць на тыя сама граблі.

Ігар Кулей, belsat.eu

Калаж з фота: VASILY FEDOSENKO/Reuters/Forum; Mikhail Metzel/TASS/Forum

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 27.03.2020

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў